Уначы на чацвер афрыканская чума свіней (АЧС) была выяўленая на комплексе з пагалоўем 20.000 свіней у Ігналінскай раёне Літвы. Свінакомплекс належыць кампаніі Idavang з дацкім капіталам.

«Учора ўвечары мы атрымалі паведамленне, што пачаўся падзёж свіней у філіяле прадпрыемства Рупинскай», — пацвердзіў агенцтву DELFI дырэктар Дзяржаўнай харчова-ветэрынарнай службы Літвы Ёнас Мілюс.

Паводле яго слоў, гэтая ферма была прыкладам для многіх, на ёй прымяняюцца прагрэсіўныя ахоўныя сродкі: «Яе мы паказвалі і замежнікам, а ў мінулым месяцы і расіянам, як узорную. Падвойная агароджа, практычна ні адна машына не трапляе ўнутр, нават малако падаецца ў шлангах, а не машынамі».

Паводле Мілюса, цяпер вядзецца праверка, якім чынам ачаг хваробы мог патрапіць на свінаферму. Накіравана заява і ў пракуратуру.

«Мы не адкідаем, што гэта магло быць і наўмыснае заражэнне. Бо была заўважаная вельмі дзіўная рэч.

Мы маем вопыт з класічнай чумой свіней, у такім выпадку захворвае адна ферма, а ў гэтым комплексе свінні захварэлі адразу ў некалькіх», — пракаментаваў чыноўнік.

Ён не адмаўляе, што свінні маглі быць заражаныя праз корм.

Паводле яго слоў, вядзецца ўсыпленне свіней газам. Знішчаны будуць усе жывёлы свінафермы — 20.000.

«Закопваць будзем на месцы, бо вельмі горача», — сказаў Мілюс.

Міністр сельскай гаспадаркі Літвы Віргінія Балтрайцене паўтарыла, што свінагадоўчы комплекс Idavang дацкага капіталу ў Літве магчыма наўмысна быў заражаны афрыканскай чумой свіней. Паводле афіцыйных дадзеных, з 40 жывёл, якія падвергліся абследаванню, інфекцыя была выяўленая ў 36.

Балтрайцене не лічыць, што ў цэлым літоўскі бізнес панясе значныя страты, аднак прызнала, што страты кампаніі Idavang будуць вялізныя.

Кампанія Idavang, якому належаць ў Літве 11 свінагадоўчых комплексаў, паведаміла, што выконвала ўсе патрабаванні бяспекі.

Пасля таго як у пачатку года было ўстаноўлена заражэнне кабаноў АЧС, заражаныя ўчасткі лесу былі акружаны спецыяльным плотам.

«Нам вельмі не пашанцавала, ці мы чагосьці не дарабілі», — сцвярджае былы міністр навакольнага асяроддзя Валянцінас Мазуроніс.

«З аднаго боку гэта адказ адважным аптымістам, якія нападалі, кажучы, што мы нібыта дарма гэтых кабаноў страляем, нібыта чума свіней нам не пагражае.

Але я думаю, што Міністэрства навакольнага асяроддзя зрабіла ўсё, што магло, я маю на ўвазе і кабаноў, і паляванне. Міністэрства сельскай гаспадаркі выконвае ўсе меры. Мне складана сказаць, але нават пры тым ніколі не было гарантый, што гэта не адбудзецца», — сказаў экс-міністр.

Паводле яго слоў, сумневы выклікаюць і суседнія краіны.

Мазуроніс адзначае, што Беларусь аб барацьбе з афрыканскай чумой свіней «кажа не ўсю праўду». Чума распаўсюджвалася і ў Польшчы.

«З улікам такой сітуацыі, зразумела, што цудаў у прыродзе не бывае. Калі хвароба распаўсюджваецца, значыць, яна прыйдзе і ў Літву, толькі пытанне, калі і ў якім маштабе», — сказаў палітык.

На пытанне аб магчымасцях экспартаваць свініну палітык сказаў, што «магчыма ўсё».

«Гэта будзе залежаць і ад таго, якія меры мы прымем як краіна для забеспячэння таго, каб хвароба была лакалізаваная, каб яна не распаўсюджвалася… Але калі гэта зроблена не будзе, то я баюся, што ніякія перамовы не дапамогуць. Тады я думаю, што магчымы горшы сцэнар», — сказаў Мазуроніс.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?