Віктар Галаванаў

Прычынай адмовы Міністэрства юстыцыі ў станоўчым заключэнні на рашэнне V сесіі Мінскага гарадскога Савета дэпутатаў ад 26 верасня аб перайменаванні вуліцы Станіслава Берсана ў вуліцу заснавальніка Чырвонага касцёла Эдварда Вайніловіча, а таксама прысваенні праектуемым вуліцам імён народнага пісьменніка Беларусі Янкі Брыля і канцлера Вялікага княства Літоўскага Льва Сапегі стала парушэнне норм заканадаўства. Аб гэтым карэспандэнту БЕЛТА паведаміў міністр юстыцыі Беларусі Віктар Галаванаў.

«Міністэрства разглядае нарматыўна‑прававыя акты, рашэнні мясцовых выканаўчых органаў і Саветаў толькі на прадмет адпаведнасці Канстытуцыі і базаваму заканадаўству. Пытанні мэтазгоднасці іх прыняцця не ўваходзяць у нашу кампетэнцыю», — растлумачыў міністр.

Пры гэтым ён дадаў, што «ў выпадку з рашэннем Мінгарсавета не было захавана заканадаўства».

«Перш чым пераймяноўваць або прысвойваць назвы новым вуліцам, неабходна абмеркаваць гэта з жыхарамі горада, даведацца іх думку, а затым прадставіць у міністэрства неабходныя дакументы. Тое, што такое абмеркаванне праводзілася, у прадстаўленых у Мінюст дакументах названа не было», — сказаў ён.

Віктар Галаванаў абвергнуў інфармацыю, якую распаўсюджваюць некаторыя СМІ, аб тым, што Мінюст вынес адмоўнае заключэнне на рашэнне Мінгарсавета па іншых прычынах.

«Гэта прававое пытанне», — сказаў ён. Мінгарсавет можа вярнуцца да яго разгляду і, ліквідаваўшы парушэнні, зноў накіраваць рашэнне для правядзення прававой экспертызы, падкрэсліў Віктар Галаванаў.

Як паведамлялася раней, з прапановай перайменаваць вуліцу Берсана ў вуліцу Эдварда Вайніловіча ў Мінгарсавет звярнуўся ксёндз‑магістр, настаяцель Чырвонага касцёла Уладзіслаў Завальнюк. Эдвард Вайніловіч быў выдатным грамадскім і палітычным дзеячам Беларусі, мецэнатам. На сесіі дэпутаты падтрымалі зварот грамадскай арганізацыі «Таварыства беларускай мовы» аб прысваенні праектуемай вуліцы нумар 1 ад праспекта «Газеты «Звязда» да вуліцы Гурскага (у мікрараёне жылой забудовы ў межах вуліцы Гурскага — праспекта Дзяржынскага — ракі Мышка ) імя народнага пісьменніка Беларусі Янкі Брыля. Акрамя таго, улічваючы, што 2007 год абвешчаны ЮНЕСКА годам Льва Сапегі, яны прынялі рашэнне аб прысваенні праектуемай вуліцы нумар 2 на ўчастку ад праектуемай вуліцы нумар 1 да вуліцы Гурскага (у мікрараёне жылой забудовы ў межах вуліцы Гурскага — праспекта Дзяржынскага — ракі Мышка) імя гэтага вядомага беларускага дзяржаўнага дзеяча XVI — першай палавіны XVII стагоддзя.

Паводле БЕЛТА

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0