За другі квартал 2014 года гучных купляў на беларускім рынку нерухомасці не было. Попытам перадусім карыстаюцца танныя кватэры.

Паводле дадзеных Нацыянальнага кадастравага агенцтва, агулам за тры месяцы было прададзена 10065 кватэр. Гэта на 15% менш, чым летась за аналагічны перыяд.

Самая дарагая з кватэр каштавала $615 тысяч.

За такія грошы была набытая сталічная чатырохпакаёўка ў «Славянскім квартале» — гэта жыллёвы комплекс насупраць новага музея Вялікай Айчыннай вайны. За кожны квадратны метр кватэры давялося заплаціць $4200.

«Славянскі квартал», фота Сяргея Гудзіліна.

«Славянскі квартал», фота Сяргея Гудзіліна.

Сярод рублёвых купляў першае месца заняла кватэра ў «доме Чыжа», $580 тысяч у эквіваленце. Таксама чатырохпакаёўка, але большай плошчы. Гаспадаром стаў дырэктар адной з лізінгавых кампаній, квадратны метр каштаваў яму $2830.

А вось самым дарагім прададзеным домам стаў катэдж у Драздах.

За двухпавярховік агульнай плошчай 563 м2 арабскі стаматолаг заплаціў $650 тысяч у эквіваленце — нямнога, бо за падобныя суседнія дамы просяць удвая, а то і ўтрая больш.

Самыя дарагія кватэры ў рэгіёнах

Брэстчына. Два гады таму на вуліцы Карла Маркса ў Брэсце разабралі два будынкі, якія былі занесеныя ў спіс гісторыка-культурных каштоўнасцяў. Кампанія «Будаўнічы рай» (назва па-расейску) адсяліла ранейшых жыхароў, а цяпер распрадае кватэры ў рэканструяваных дамах. Найдаражэйшая, трохпакаёўка плошчай пад 150 м2, каштавала каля $170 тысяч.

Віцебшчына. Кватэры ў абласным цэнтры прадавалі па нізкай цане, таму ў лідарах апынулася нерухомасць у Оршы. За трохпакаёўку ў цагляным шматпавярховіку праз дарогу ад лядовага палаца пакупніца з Расіі аддала $97 тысяч.

Гомельшчына. Па аднолькавай цане — $100 тысяч — былі набытыя трохпакаёўка на праспекце Леніна і чатырохпакаёўка на вуліцы Тэльмана. Квадратны метр у другой з кватэр каштаваў $1000. Для Мінска гэта смешныя лічбы, але для абласнога цэнтра — сярэднія.

Гродзеншчына. Падобны ўзровень цэнаў і ў Гродне. За $101 тысячу расеец набыў трохпакаёўку ў панэльцы на праспекце Янкі Купалы.

Міншчына. У прыгарадах сталіцы цэны на кватэры даходзяць да $200 тысяч. Пасёлак Сонечны знаходзіцца за некалькі кіламетраў ад МКАД, але фармальна належыць да Мінскай вобласці. За трохпакаёвую кватэру з трыма туалетамі гаспадары аддалі $207 тысяч. Аднак за кошт вялікай плошчы квадратны метр аказваецца не такім ужо і дарагім — $1370. Па падобнай цане былі прададзеныя яшчэ некалькі кватэр у Сонечным, а таксама ў Копішчы. Гэта вёска пад Мінскам.

Магілёўшчына. $120 тысяч — столькі заплаціў новы гаспадар чатырохпакаёўкі на бульвары Леніна ў Магілёве. Зрэшты, жыллё ў наменклатурным доме, пабудаваным ў сярэдзіне XX стагоддзя, не можа каштаваць мала.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?