Міжнародны валютны фонд перагледзеў прагноз росту валавога ўнутранага прадукту Беларусі. Згодна з ліпеньскай ацэнкай фонду ў 2014 годзе ён складзе 0,9% супраць 1,6% па красавіцкай ацэнцы.»Працягнецца павольны эканамічны рост і захаваюцца стойкія знешнія дысбалансы, аднак рызыкі высокія і змешчаныя ў бок пагаршэння», — гаворыцца ў паведамленні МВФ.

Эксперты фонду звяртаюць увагу, што попыт у Расіі, якая з'яўляецца асноўным рынкам збыту беларускіх тавараў, застанецца слабым, а ўнутраны попыт на беларускую прадукцыю запавольваецца.

Як паведамляў Белстат, у першым паўгоддзі прырост ВУП склаў 1,2%.

На думку экспертаў фонду, інфляцыя ў Беларусі сёлета складзе 16% (факт за першае паўгоддзе — 10,2%). Таксама на высокім узроўні яны ацэньваюць дэфіцыт бягучага рахунку плацежнага балансу краіны ў 2014 годзе — на ўзроўні 8,75% ВУП з-за «слабага знешняга попыту, нізкай канкурэнтаздольнасці, а таксама мер эканамічнай палітыкі, якая працягвае заставацца занадта мяккай».

У сувязі з гэтым фонд рэкамендаваў беларускім уладам «прыняць рашучыя меры», накіраваныя на паглыбленне рэформ, што дазволіць устараніць перашкоды «на шляху больш высокага і ўстойлівага росту».

Эксперты фонду выказваюць заклапочанасць, што ў Беларусі да апошняга часу назіраліся высокія тэмпы крэдытавання. На думку МВФ, рост заработнай платы павінен быць узгоднены з тэмпамі павышэння прадукцыйнасці працы, «каб пазбегнуць росту інфляцыі і аднавіць канкурэнтаздольнасць».

Акрамя таго, фонд рэкамендуе спыніць валютныя інтэрвенцыі і забяспечыць гнуткасць курсавой палітыкі, што садзейнічала б умацаванню канкурэнтаздольнасці беларускай прадукцыі на знешніх рынках.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?