Мікалай Чаргінец

Аляксандар Тамковіч

Старшыня палаты прадстаўнікоў па нацыянальнай бясьпецы Мікалай Чаргінец будзе судзіцца з журналістам Аляксандрам Тамковічам і прыватным прадпрыемствам «Время новостей», якое выдае недзяржаўную газэту «Новы час».

Як паведаміў Хартыі’97 шэф‑рэдактар газэты «Новы час» Аляксей Кароль, Мікалай Чаргінец палічыў, што артыкул «Генэрал‑сэнатар Мікалай Чаргінец» нанёс шкоду ягонаму гонару, годнасьці і дзелавой рэпутацыі. Шкоду ён ацаніў у 600 мільёнаў рублёў, якія праз суд зьбіраецца спагнаць з журналіста (100 мільёнаў) і выдавецтва (600 мільёнаў).

Па словах А. Караля, Чаргінца найбольш абразіла тое, што ў артыкуле ўзгадваецца эпізод пра яго датычнасьць да гучнай «віцебскай» справы 80‑х гадоў. Аўтар нататкі сьцьвярджае, што Чаргінец мог панесьці адказнасьць за хібы той справы, але нібыта пазьбег яе, паехаўшы ў Аўганістан, і нават стаўшы там героем. Таксама гнеў сэнатара выклікала сьцьверджаньне, што дзеля напісаньня сваіх раманаў ён карыстаецца працай «літаратурных нявольнікаў».

Судовае разьбіральніцтва пачнецца 5 сьнежня ў Першамайскім судзе.

У размове з карэспандэнтам «НН» Аляксандар Тамковіч распавёў, што яго ўжо пачалі жартам называць самым дарагім журналістам Беларусі:

«Насамрэч паглядзіце — Праляскоўскі запатрабаваў ад «Народнай волі» ў 25 разоў менш, чым з «Новага часу». «Лічу, што Чаргінец паступіў не па‑мужчынску, калі ён, генэрал, запатрабаваў ад інваліда такую суму. Калі ж яго задаволяць законныя 20% ад маёй пэнсіі ў 320 тысячаў, то — калі ласка» — зазначыў ён.

Журналіст кажа, што не чакаў такога разьвіцьця падзеяў. Фактычна генэрал судзіцца з самім сабой, бо ўсё, што выклікала ягонае абурэньне і рашучасьць узбагаціцца за мой кошт было, я ўзяў зь яго біяграфіі на ягоным жа сайце, ды шматлікіх інтэрвію дзяржаўным мэдыям, цьвердзіць сп. Тамковіч. Цытата пра «літаратурных нявольнікаў» выклікае ня менш зьдзіўленьня, патлумачыў аўтар артыкулу, бо ў тэксьце напісана літаральна наступнае — «чуткі пра «літаратурных нявольнікаў» пакінем без увагі».

5 сьнежня журналіст падасьць сустрэчны пазоў на адрас Чаргінца. Неўзабаве пасьля выхаду артыкулу «Генэрал‑сэнатар Мікалай Чаргінец», адказваючы на пытаньні «Ежедневника» сэнатар назваў А. Тамковіча «неадэкватным». У журналіста ёсьць запіс той рэплікі.

Аляксандар Тамковіч кажа, што ў любым разе даможацца справядлівасьці: «Улада і яе правасудзьдзе нявечныя, а такія справы ня маюць тэрміну даўнасьці».

На яго думку, вельмі сымбалічна, што справа супраць яго і выдавецтва распачалася адначасова з адкрыцьцём Х Менскага форуму, на якім прагучала выказваньне, што ўлада падае грамадзтву няхай і ціхія сыгналы.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?