27 ліпеня адзначалася гадавіна прыняцьця Дэклярацыі аб дзяржаўным сувэрэнітэце Беларусі. З 1991 па 1996 гг. гэты дзень небеспадстаўна адзначаўся як Дзень незалежнасьці Рэспублікі Беларусь.

Між іншым, калі глядзець на сытуацыю зь юрыдычнага пункту гледжаньня, падумалася вось што.

Любы прафэсіянальны і сумленны юрыст скажа вам, што законнасьць сёньняшняй Канстытуцыі Беларусі знаходзіцца пад вялікім сумневам, улічваючы, што зьмены 1996 і 2004 гг. прынятыя зь відавочнымі парушэньнямі.

Адпаведна, і сёньняшнія органы ўлады сфармаваныя не ў адпаведнасьці з законам: прэзыдэнт мусіў быць пераабраны ў 1999 г. (але выбараў не было); а парлямэнт як такі сфармаваны паводле Канстытуцыі-1996, ды яшчэ штораз зь відавочнымі парушэньнямі дэмакратычных стандартаў. А значыцца і прынятыя гэтымі органамі ўлады законадаўчыя акты таксама маюць сумніўную юрыдычную сілу.

Такім чынам,

з фундамэнтальных, «сыстэмаўтваральных» законадаўчых актаў Дэклярацыя аб сувэрэнітэце - адзіная, што застаецца ў сіле і паводле духа права, і паводле фармальных лукашэнкаўскіх законаў.

Так што нават калі сёньня не сапраўдны Дзень незалежнасьці Беларусі (пра што кажуць З. Пазьняк і С. Навумчык), дык прынамсі

дзень зьяўленьня гэтага важнага гістарычнага дакумэнта, які ў будучыні зможа зрабіцца нейкай юрыдычнай «адпраўной кропкай» пры нейкай, уявім сабе, палітычнай нармалізацыі ў Беларусі.

P.S. Ніколі не гублялі сваёй юрыдычнай сілы і тры Ўстаўныя Граматы БНР - гэтаксама як застаецца актуальнай і задача правядзеньня рэпрэзэнтатыўнага беларускага Ўстаноўчана Сойма (рас. «учредітельное собраніе») для напісаньня нармалёвай Канстытуцыі і для, так бы мовіць, «запуска» дэмакратычных дзяржаўных інстытутаў. Але гэта асобная гісторыя.

P.P.S. Сапраўдны Дзень незалежнасьці Беларусі — бясспрэчна, 25 сакавіка. У гэты дзень у 1918 годзе Беларусь была ўпершыню абвешчаная незалежнай дэмакратычнай дзяржаваю, і менавіта ад 25 сакавіка 1918 года яна бесперапынна існуе ў якасьці дэ-юрэ або дэ-факта незалежнага суб'екта. Гэта гістарычны факт.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?