Вечарам у пятніцу адбылося паседжаньне менскай гарадзкой арганізацыі Партыі БНФ. Удзел у паседжаньні ўзялі ўсе трое кандыдатаў на пасаду старшыні Партыі – Вінцук Вячорка, Віктар Івашкевіч і Алесь Міхалевіч. Вёў паседжаньне кіраўнік менскай гарадзкой арганізацыі Аляксей Кавалец.
Кожны з кандыдатаў меў невялікі дзесяціхвілінны выступ, пасьля чаго прысутныя маглі задаць ім свае пытаньні. Сойм пачаўся з прыемнай навіны, што была нарэшце зарэгістраваная віцебская абласная арганізацыя Партыі БНФ.
Вінцук Вячорка сказаў, што наступны год стане годам абароны беларускай незалежнасьці.
“Налета найбольш магутна і актуальна загучаць незалежніцкая ідэя. Для Партыі прыйшоў час умацоўваць свае пазыцыі ў краіне і за яе межамі. Я не хацеў, каб гэта чулі прадстаўнікі СМІ, але ладна. У адным буйным горадзе Берасьцейшчыны мне сказалі, што рэальных сяброў БНФ у горадзе засталося тры чалавекі. Нашы прыхільнікі павінны далучыцца і вярнуцца ў Партыю – гэта першасная задача на наступны год. Налета да 90-годзьдзя БНР мы плянуем правесьці форум “За незалежнасьць”, які будзе мець мноства панэляў і сэкцый. Пакуль я зьяўляюся старшынёй БНФ, гарантую, што Партыя застанецца сапраўды незалежнай”, – сказаў В.Вячорка.
Віктар Івашкевіч засяродзіўся на праблеме эўрапейскай інтэграцыі і парлямэнцкіх выбараў.
“Наша памылка ісьці на выбары без пэўных патрабаваньняў ад улады. Калі яны хочуць, каб мы ішлі на выбары і стваралі фасад дэмакратычнасьці, то трэба настойваць на вызваленьні палітвязьняў, вяртаньні ў шапікі і падпіску незалежных газэт, спыніць перасьлед недзяржаўных арганізацый. Асабіста я лічу амаральным ісьці на парлямэнцкія выбары, калі сядзіць Дашкевіч і Фінькевіч. Трэба арганізаваць шырокі рух за далучэньне краіны да Эўрасаюзу. Разам з тым, эўрапейскую тэматыку неабходна зьвязваць і з сацыяльнай. Эўрапейскі сьцяг сёлета абараніў нас ад дубінак АМАПу. Нам трэба палявыя камандзіры, якім мы будзем даваць канкрэтныя і задачы, і чакаць іх вырашэньня. У Фронце сёньня мала людзей, якія здольныя нестандартныя ўчынкі і рашэньні”, – лічыць В.Івашкевіч.
Алесь Міхалевіч гаварыў пра агульную нацыянальную кааліцыю.
“Я ўступіў у БНФ у 1993 годзе, калі Партыя мела ясную праграму. Сёньня яе няма. Людзі помняць брэнд БНФ хутчэй па інэрцыі, а не дзякуючы нам. Калі я стану старшынёй, то найперш аднаўлю выхад партыйнай газэты. Пачну масавы выпуск інфармацыйных матэрыялаў, каб данесьці людзям альтэрнатыўную думку. У Беларусі не такая дрэнная сытуацыя, каб мяняць Лукашэнку на каго папала. Патрэбная шырокая нацыянальная кааліцыя з удзелам Паўла Севярынца, Вячаслава Сіўчыка, КХП-БНФ, руху “За свабоду”, прадпрымальнікаў, каталіцкіх і пратэстанцкіх актывістаў, моладзі, рабочых вялікіх прадпрыемстваў. Толькі ў такім выпадку мы пакажам людзям альтэрнатыву”, – мяркуе А.Міхалевіч.
Вінцук Вячорка, адказваючы на пытаньні сказаў, што ня будзе заставацца ў кіраўніцтве Партыі, калі пераможа Алесь Міхалевіч. “Я не магу станавіцца закладнікам невядомай мне палітыкі”, – сказаў ён. Віктар Івашкевіч паабяцаў, што ў выпадку ягонай перамогі пасады намесьнікаў будуць прапанаваныя, як Міхалевічу, так і Вячорку. У сваю чаргу Алесь Міхалевіч паведаміў, што незалежна ад вынікаў зьезду з Партыі ён нікуды не сыдзе.
Аляксей Кавалец таксама паведаміў, што ўсе менскія гатэлі пакуль адмаўляюцца прадставіць месцы для дэлегатаў зьезду. Пакуль мяркуецца, што рэгіяналаў разьмесьцяць па дамах менскіх актывістаў Партыі.