У камэнтары на сайце лідэр Партыі БНФ спраставаў рэпартаж з гарадзкога сойму Партыі БНФ.

Лідэр Партыі БНФ зьмясьціў наступны камэнтар да рэпартажу «Менскі гарадзкі Сойм БНФ»: «Спадарове, колькі можна займацца фальсыфікацыямі? Адказ быў на пытаньне, ці пагаджуся я супрацоўнічаць зь цяперашнімі супернікамі ў разе іхнае перамогі. Я сказаў наступнае: "Ня ведаю, чым займаўся сп. Міхалевіч апошнімі гадамі. Дагэтуль не разумею, чым зьбіраецца займацца. Не магу станавіцца закладнікам невядомай мне палітыкі”. І ўсё. Перастаньце хлусіць. Зразумейце, што вашая тэндэнцыйнасьць (матывы якой мне зразумелыя) відаць кожнаму больш-менш пранікліваму чытачу». У тым рэпартажы гаворылася: «Вінцук Вячорка, адказваючы на пытаньні сказаў, што ня будзе заставацца ў Партыі, калі пераможа Алесь Міхалевіч. “Я не магу станавіцца заложнікам невядомай мне палітыкі”, – сказаў ён».

Рэдактар спадару Вячорку: Вы ня першы палітык, які бачыць у дзеяньнях незалежных СМІ змову супраць яго. Толькі за апошнія паўгоду журналістам нашага сайту давялося чуць тое самае ад блізкага атачэньня А. Мілінкевіча, З. Пазьняка, А. Лукашэнкі (цэлая прапаганда) і вось нядаўна ад А. Бухвостава: маўляў, справа «барзапісцаў» — абслугоўваць інтарэсы Аб'яднаных дэмакратычных сілаў. Вашы закіды ў хлусьні і фальсыфікацыях перадусім адлюстроўваюць Ваша бачаньне сьвету. Вяртаю іх Вам з прыкрасьцю. Калі Вашы словы былі зразуметыя журналістам ня ў тым сэнсе, які Вы ў іх укладалі, Вы можаце проста ўдакладніць іх, ня сеючы варожасьці і недаверу.

Вашы словы гучалі, прынамсі, двухсэнсоўна.

Хачу заверыць Вас і чытачоў у найлепшых намерах і прафэсіяналізьме аўтараў nn.by — нават тады калі яны маюць асабістыя прыхільнасьці; у выпадку выбараў новага старшыні БНФ мы імкнемся трымацца максымальнай аб'ектыўнасьці. Пра перадвыбарчую кампанію ў Вашай партыі пішуць, усім тром кандадатам надаюць роўную ўвагу, а выказваньні аналізуюць раўнапраўна. Гарантую: нават пасьля гэтых выпадаў на наш адрас мы будзем трымацца той самай аб'ектыўнасьці, хоць і з горыччу ў душы.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0