Пакуль жонка Міхалка здымаецца аголенай для ўкраінскіх часопісаў, ён піша музыку да расейскіх сэрыялаў.

Пакуль жонка Сяргея Міхалка Алеся Берулава здымаецца аголенай для ўкраінскіх мужчынскіх часопісаў, сам ён піша музыку да расейскіх тэлесэрыялаў. Новы дыск «Ляпісаў» – не нумарны альбом, хоць большасьць песень раней не выдавалася. Самі ўдзельнікі называюць гэтую праграму сайд-праектам, у якім узяў удзел «Ляпіс» у поўным складзе. Акрамя ўласна «ляпісаўскіх» музыкаў, у запісе ўзялі ўдзел акардэаніст «Лепрыконсаў» Фёдар Федарук, заслужаны артыст Беларусі бас-гітарыст Аляксандар Каліноўскі і этна-трыё «Тройца» ў поўным складзе. Дыск паказвае іншага «Ляпіса» – з блатной афарбоўкай, без радыйных гітоў. Паказальна, што дыск падтрымала «Радыё Шансон». Такія песьні па настроі, як «Прабачце, Маша», можна было знайсьці адну-дзьве на кожным альбоме, тут жа іх большасьць. Песьні сталіся саўндтрэкам да аднайменнага сэрыялу, некаторыя прагучаць у фільме «Апошні забой», які вось-вось выйдзе ў пракат. Знайшлося месца тут і Міхалку-лірыку – пасумаваць можна пад баляду «Золатам агні» ды наноў запісаныя «Русалкі». Цікава, што 80% песень былі запісаныя без падкладак – музыкі проста зьбіраліся ў студыі, сядалі і гралі, як на канцэрце. Ад гэтага і гучаньне дыска выйшла трохі «кухонным», але вельмі натуральным.

Сёлета чакаем новы нумарны дыск «Ляпісаў» пасьля двухгадовага зацішша. З кожнай праграмай самы папулярны беларускі гурт у Расеі становіцца ўсё цікавейшым у музычным пляне.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0