Сёньня ў Дурбане прайшло лёсаваньне адборачных груп да чэмпіянату сьвету па футболе, што пройдзе ў 2010 г. у Паўднёва-афрыканскай рэспубліцы.
Зборная Беларусі была пасеяна ў чацьвертым кошыку. Яе супернікамі па шостай адборачнай групе стануць: Харватыя (1-ы кошык), Англія (2-гі), Україна (4-ы), Казахстан (5-ы), Андора (6-ты).
Гульні пройдуць у 2008—2009 гадах. З кожным супернікам беларусы згуляюць дома і ў гасьцях. На чэмпіянат сьвету выходзіць каманда, якая зойме 1-е месца, каманда, якая зойме другое месца, правядзе стыкавы матч.
Што суседзі? 3-я група. Польшча згуляе з Чэхіяй, Паўночнай Ірляндыяй, Славакіяй, Славеніяй, Cан-Марына.
4-я група. Расея трапіла ў адну групу зь Нямеччынай, Фінляндыяй, Уэльсам, Азэрбайджанам, Ліхтэнштэйнам.
7-я група. Літва згуляе з Францыяй, Румыніяй, Сербіяй, Аўстрыяй, Фарэрамі.
***
Па выніках лёсаваньня галоўны трэнер беларускай зборнай Бэрнд Штанге заявіў: "Мы ўжо зразумелі, што перад намі будзе няпростая задача. Нам дасталася моцная група". "Безумоўна, Харватыя і Англія будуць фаварытамі, але і іншых нельга недаацэньваць", -- цытуе словы нямецкага спэцыяліста Спорт-Экспресс са спасылкай на Reuters.
Пра тое, што 6-я адборачная група - наймацнейшая заявіў і трэнер зборнай Харватыі Славен Біліч. Праўда, бронзавы прызёр чэмпіянату сьвету - 1998 мяркуе, што галоўная бяда ў групе гэта зборная Англіі, "другая бяда - Украіна". Пра Беларусь гаворкі не вядзецца.
Ня лічыць сур'ёзнай праблемай нашу зборную і кіраўнік Англійскай футбольнай асацыяцыі Браян Барвік.