Паслы краін-членаў ЕС у аўторак падчас паседжання ў Брусэлі прынялі рашэнне аб увядзенні санкцый трэцяга ўзроўню супраць Расійскай Федэрацыі.

Санкцыі будуць тычыцца энергетычнага, фінансавага сектараў і прадукцыі ваеннага і двайнога прызначэння.

Дата ўступлення ў сілу рашэння аб санкцыях пакуль не названая; хутчэй за ўсё, гэта адбудзецца ў сераду, пасля іх публікацыі ў афіцыйным часопісе ЕС.

Пакуль вядома, што фінансавыя санкцыі ўвядуць абмежаванні для расійскіх дзяржаўных банкаў (у тым ліку тых, у якіх доля дзяржаўнай уласнасці перавышае 50%) адносна іх выхаду на крэдытны рынак і выкарыстання фінансавых інструментаў, якія прадугледжваюць тэрмін больш за 90 дзён.

Таксама забаронены выпуск дзяржбанкамі еўрабондаў і эмісія акцый на карысць еўрапейскіх уладальнікаў.

Поўнай забароны на транзакцыі ў еўра не прадугледжана.

Такія ж абмежаванні будуць тычыцца дзяржаўных інстытутаў РФ, карпарацый і агенцтваў з доляй дзяржаўнай уласнасці больш за 50%.

У сферы энергетыкі санкцыі будуць тычыцца нафтавага сектара — ЕС забароніць экспарт і рээкспарт ў Расію высокатэхналагічнага абсталявання, перш за ўсё — абсталявання для глыбакаводнага бурэння.

Абмежаванні ў сферы тавараў ваеннага прызначэння не будуць тычыцца тых кантрактаў, якія былі заключаны раней.

Гэта было патрабаванне Францыі, якая такім чынам гарантавала завяршэнне кантракту па пастаўцы ў Расію верталётаносца «Містраль».

Reuters удакладняе, што тэрмін дзеянняў дадзеных абмежаванняў складае 3 месяцы, пасля чаго яны могуць быць перагледжаны. Разам з тым, еўрапейскія дыпламаты запэўніваюць, што магчымы іх перагляд у бок павелічэння ў выпадку раптоўнай неабходнасці.

Рашэнне было прынята на «працоўным» узроўні — еўрапейскія краіны адмовіліся ад ідэі правядзення экстраннага саміту, хоць некалькі еўрапейскіх кіраўнікоў, уключаючы канцлера Ангелу Меркель, заявілі пра гатоўнасць перапыніць адпачынак для ўдзелу ў сустрэчы.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?