У той час, калі шэраг беларускіх рок‑музыкаў мелі сустрэчу ў адміністрацыі прэзыдэнта, у іншым месцы адбылося паседжаньне Рады эўрапейскай інтэграцыі, структуры, створанай па ініцытыве Аляксандра Мілінкевіча сёлета ў кастрычніку з мэтай выпрацоўкі стратэгічнага бачаньня інтэграцыі Беларусі ў Эўропу. На гэтым паседжаньні сярод чатырох прыярытэтных накірункаў быў названы культурніцкі. У прыватнасьці была агучана прапанова стварыць фонд падтрымкі нонканфармісцкай культуры ў Беларусі, паколькі творцы пастаянна адчуваюць на сабе ціск з боку дзяржавы.

«Падтрымка павінна быць як на ўзроўні вырабу культурнага прадукту, так і на ўзроўні яго рэклямы і раскруткі», — заявілі сябры Рады эўрапейскай інтэграцыі.

Выступоўцы адзначылі, што вельмі важна забясьпечыць умовы для творчасьці. Прапаноўвалася аб’яднаць намаганьні ў стварэньні пляцоўкі для дэманстраваньня альтэрнатыўнага культурнага прадукту, а таксама даць зразумець Эўропе, што афіцыйная культура — антыэўрапейская па сваёй прыродзе.

Экспэрты пагадзіліся выпрацаваць сыстэмны падыход да разьвіцьця нацыянальнай культуры. На іх думку, створаная зараз сыстэма нефарматнай культуры стане ў будучым падмуркам для культуры новай, вольнай Беларусі.


Алесь Лагвінец

Памочнік Аляксандра Мілінкевіча Алесь Лагвінец просіць не лічыць гэта адказам на размову беларускіх музыкаў з намесьнікам кіраўніка прэзыдэнцкай адміністрацыі Алегам Праляскоўскім.

— Так супала, бо мы рыхтавалі гэтую прапанову яшчэ да паседжаньня рады. А тое, што ўзьнікла такая грамадзкая дыскусія — гэта паказьнік неабходнасьці дзейнасьці ў дадзеным кірунку.

Са словаў Алеся Лагвінца падтрымка беларускай культуры і айчыннай рок‑музыкі ў прыватнасьці будзе палягаць у арганізацыі канцэртаў, выданьні дыскаў ды іншай дапамозе незалежным творцам. Палітык кажа, што так ці інакш незалежных творцаў заўжды падтрымлівалі. А новы фонд, які мае быць створаны пры радзе эўрапейскай інтэграцыі, будзе рабіць гэта больш мэтанакіравана і асэнсавана. Але чаму ён ня быў створаны раней, бо забарона на дзейнасьць некаторых гуртоў была накладзена яшчэ тры гады таму?

— Вельмі клясна задаваць такія пытаньні, кажучы чаму гэтага не было раней, — рэагуе Алесь Лагвінец. — Існавалі іншыя ініцыятывы, нельга казаць, што да гэтага не было падтрымкі незалежнай беларускай музыкі. Гэта ёсьць і было.


Лявон Вольскі

Алег Хаменка

Самі ж музыкі кажуць, што тры гады яны існавалі ў негалоснай забароне, адлучаныя ад тэле‑ і радыё‑этэру і па‑сутнасьці ад легальнай канцэртнай дзейнасьці і аніякай падтрымкі не адчувалі. У адказ на шматлікія закіды ў тым, што яны пагадзіліся на сустрэчу з прадстаўнікамі ўлады, лідэр N.R.M. Лявон Вольскі адказаў наступнае:

— Гэта балючае пытаньне, але аніякай палітычнай ініцыятывы за гэты час так і не было створана. Каб хаця бы высьветліць пытаньне што да гэтых забаронаў. Не знайшлося палітыка, ні Мілінкевіча, ні некага іншага, які бы ўзначаліў нейкі рух ці ініцыятыву, не было пікетаў ля гастрольнага аддзелу Менгарвыканкаму. Усе мірыліся спакойна з гэтай сытуацыяй: чыстыя і сьветлыя незалежныя музыкі, сумленьне нацыі, вось яны забароненыя — ну і нармальна…

Ці зьменіцца нешта зараз, калі з боку дзяржавы вуснамі яе галоўнага ідэоляга была агучана прапанова па спрыяньні дзейнасьці (ці, прынамсі, не перашкаджэньні ёй) забароненых беларускіх рок‑гуртоў, а з боку незалежнага грамадзтва таксама зьяўляецца нарэшце ініцыятыва, якая паклікана падтрымліваць незалежную культуру. Лідэр «Палацу» Алег Хаменка лічыць, што тыя, хто працуе на беларускую культуру, здолеюць зрабіць куды болей, пры падтрымцы з двух бакоў. На меркаваньне музыкі такія захады павінны адбываццца штодзённа, а не ў прывязцы да нейкай падзеі, бо культура — здабытак агульнацыянальны.

— Галоўнае, што гэтая дапамога не павінна рабіць музыкаў нейкімі прыгоннымі. Маўляў, калі дапамагае адзін бок, то нельга ўзяць грошы ад іншага боку. Тут я не кажу пра сябе ці маіх паплечнікаў з «Крамы», N.R.M ці Neuro Dubel, а найперш пра маладых, а таксама пра тых, хто ад недахопу ўвагі з боку дзяржаўных структураў, перажывае ня лепшыя часы.

Сяргей Будкін, «Тузін Гітоў»

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0