Баевікі адпусцілі палонных, якіх ўтрымлівалі ў штабе Ігара Безлера («Беса») ў Горлаўцы.

Пра гэта паведаміла ў сваім Facebook журналістка Кацярына Сергацкова.

Пасля авіяўдару украінскіх сілавікоў, «Бес», паводле чутак, збег з Горлаўкі, а ягоны намеснік «Боцман», прыгразіў, што будзе растрэльваць закладнікаў, якіх утрымлівалі ў будынку міліцыі, акурат пад кабінетам «Беса», на паверх ніжэй. Сярод закладнікаў быў грамадзянін Швецыі.

Паводле журналісткі, тэлефон аднаго з палонных Васіля Будзіка два дні быў недаступны, як і тэлефон перагаворшчыка з боку ўкраінскіх уладаў генерала Уладзіміра Рубана.

«Я ўжо пачала падазраваць самы горшы сцэнар і паволі падымаць усіх на вушы, як раптам тэлефоны Будзіка і Рубана прачнуліся. Вася ўзяў трубку і радасным голасам паведаміў, што ён на волі і акурат зараз ідзе да прэзідэнта», — паведаміла журналістка.

«Падрабязнасці распавесці не паспеў, але спадзяюся хутка раскажа. Увогуле, як я разумею, мінімум 17 палонных — афіцэры, салдаты і некалькі цывільных — пасля двух месяцаў зняволення апынуліся на волі», — дадала яна.

Пазней інфармацыю аб вызваленні 17 палонных пацвердзілі ў адміністрацыі прэзідэнта Украіны.

«Сёння мы вызвалілі 17 закладнікаў, сярод якіх ўкраінскія ваенныя і адзін цывільны замежнік. Іх трымалі ў палоне ў Горлаўцы. Магу сказаць адно — Украіна ганарыцца мужнасцю, з якой нашыя хлопцы трымаліся ў палоне. І мы зробім усё для таго, каб вызваліць і тых, хто яшчэ застаецца ў баявікоў», — такія словы прэзідэнта Украіны Пятра Парашэнка працытаваны на старонцы яго адміністрацыі ў Фэйсбуку.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?