Барысаўскі футбольны клуб правёў першы матч трэцяга кваліфікацыйнага раўнда Лігі чэмпіёнаў. У Венгрыі ён гуляў супраць «Дэбрэцэна».

Гэтыя каманды добра знаёмыя паміж сабой. Два гады назад яны супрацьстаялі адна адной у гэтай самай стадыі Лігі чэмпіёнаў. Тады ў Барысаве гульня скончылася ўнічыю, а вось у матчы ў адказ перамаглі нашы – 2:0.

БАТЭ пачаў вельмі добра. У каманды атрымліваліся хуткія атакі, выкарыстоўваліся флангі, абарона вугорскага чэмпіёна не паспявала за хуткімі беларусамі. На жаль, Сігневічу і Радзівонаву не хапала дакладнасці ў завяршэнні.

Ужо ў сярэдзіне першага тайма венграм атрымалася выраўняць гульня. І небяспечна атакаваць. У адным з момантаў пры памылцы брамніка Чэрніка Анры Хагуш выбіў мяч з пустых варот. Увогуле, абхазца Хагуша можна адзначыць як самага баявога прадстаўніка БАТЭ ў гэты вечар.

У другім тайме парвалася дзе тонка. Зноў памылку дапусціў брамнік. Менавіта неасцярожны выхад на мяч Сяргея Чэрніка прывёў да пенальці ў яго вароты. Сенегалец Ібрагім Сідзібе стрэліў дакладна ў правы ад сябе ніз – 1:0.

На жаль, у канцоўцы гульні атакам БАТЭ не хапала вастрыні і неардынарных крокаў. «Дэбрэцэн» нават мог падвоіць сваю перавагу, тады барысаўцам было б зусім нявесела.

Разам з тым, варта адзначыць, што гульня з «Дэбрэцэнам» не была такой безнадзейнай, як тыдзень таму ў Албаніі. Гульня ў адказ 3-га кв. раўнду Лігі чэмпіёнаў пройдзе праз тыдзень, 5 жніўня, у Барысаве (20:30).

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?