Каб чарговы раз збегчы ад нормаў стандартнага жыцця, мы вырашылі наведаць згублены ў нетрах заходніх запаведнікаў Свірскі псіханеўралагічны дом-інтэрнат, які месціцца ў былым панскім маёнтку. У гэтым пажыццёвым прытулку на прыродзе жывуць 157 псіхічнахворых людзей, кожны са сваёй гісторыяй, кожны са сваімі марамі і страхамі. Аўтар 34mag пару дзён пажыў у «зязюльчыным гняздзе», каб адчуць спецыфічны рытм іншай рэальнасці, а потым вярнуцца назад у «Камбінат».

Пажыццёвы прытулак

Паміж шматлікімі запаведнікамі ды заказнікамі рэспубліканскага значэння, зусім недалёка ад Блакітных азёр ды літоўскай мяжы, схавалася невялічкая вёска Лушчыкі. На пачатку 1970-х сюды з суседняй, больш буйной Свіры перанеслі псіханеўралагічны дом-інтэрнат. За савецкім часам назву змяніць не паспелі, як не паспелі гэтага зрабіць і ў перыяд актыўнага будавання суверэнітэту. Дагэтуль ва ўсіх афіцыйных дакументах дом-інтэрнат завецца Свірскім. Калісьці на яго месцы быў панскі маёнтак – у спадчыну нашчадкам дастаўся вялікі дом з вежай і доўгімі калідорамі, цяпер гэта адзін з жылых карпусоў. На чырвонай цэгле дагэтуль можна заўважыць ледзьве бачнае кляймо майстра. Будынак, які прастаяў амаль дзвесце гадоў, з чэрвеня на капітальным еўрарамонце, таму пастаяльцы вымушаныя жыць усе разам у іншым, значна меншым корпусе.

За хісткім на першы погляд плотам у сваім асабістым свеце жывуць 157 псіхічнахворых людзей. Іх нельга лічыць пацыентамі – псіхіятрычная навука бяссільная перад іхнымі хваробамі. Яны не ўладкуюцца на нармальную працу – дзяржава даўно павесіла на іх цэтлік недзеяздольных. Свірскі дом-інтэрнат зрабіўся пажыццёвым прытулкам для кожнага, хто туды трапіў.

Першы суразмовец – худы як шчэпка мужчына з дагледжанымі вусамі – вырастае перад намі быццам з-пад зямлі. «Мяне завуць Аляксандр Сяргеевіч, 1963 года нараджэння, – тэзісна знаёміцца ён. – Я тут нелегальна, дапамажыце мне збегчы. У дурку сястра сілком запхнула. Спачатку падпаліла хату, а пасля падкупіла дактароў». Аляксандр увесь час глядзіць у адну кропку, нервова круціць раменьчык ад наручнага гадзінніка або моцна сціскае нацельны крыжык. Ён распавядае пра турмы, у якіх яму даводзілася сядзець, пра сваю дачку, несправядлівых санітараў і хараство жыцця па-за межамі інтэрната. Ад яго ціхай і адначасова ліслівай гаворкі з моцна расцягнутымі зычнымі скура пакрываецца дрыжыкамі. Як пазней інфармуе адзін з тэрапеўтаў, Аляксандр – забойца, якога прапісалі тут пасля адмысловай псіхіятрычнай экспертызы.

Мастацтва тэлепартацыі

Свірскі дом-інтэрнат – месца ўражальных схаваных метафар. Геаметрычна правільныя клумбы, чысты ставок, роўна падстрыжаныя газоны – занадта дызайнерскія дэкарацыі для дзіўнага народца, жыццё якога падобнае на лакальнае «шоу Трумана», згубленае недзе глыбока ў правінцыі. Куды б ты ні пайшоў, цябе паўсюль пераследуе душны кіслы пах мясцовых жыхароў і такія ж насычаныя, цяжкія для сэнсорыкі гісторыі гэтых людзей.

Аточаны па перыметры вялікімі дрэвамі панскі будынак нагадвае гняздо вялікай зязюлі. Маючы мінімальную дзярждатацыю, адміністрацыя дома-інтэрната здолела стварыць трывалую сістэму забеспячэння жыхароў усім неабходным. Коні, свінні і свая садавіна з гароднінай дазваляюць выжываць на працягу ўсяго года. Працатэрапія дапамагае не заліпнуць у вечнасці. Побыт тут нагадвае медытацыю са смакам цяжкіх металаў.

Недзе ў гэтым гняздзе згубіўся таленавіты мастак Васіль. Дакладней, затаіўся. Мясцовыя лічаць Васіля сапраўдным гуру маскіроўкі. Каб яго адшукаць, у ход ідуць усе даступныя сродкі. Цыгарэты абменьваюцца на інфармацыю пра ўлюбёныя хованкі мастака ў межах дома-інтэрната – усё дарма, ён проста растварыўся ў паралельнай рэальнасці.

Праз пэўны час Васіль тэлепартуецца назад у сцены прытулку. Гэта невялікі мужчына ў зацяганых джынсах, папсаванай моллю паласатай кашулі, кепарыку з надпісам BMW і недарэчным школьным заплечнікам. Гледзячы на ягоныя рукі з распухлымі пальцамі ды чорнымі ад зямлі пазногцямі, складана ўявіць у іх пэндзаль. На звышгукавой хуткасці, часцяком забываючы сэнс некаторых словаў, Васіль пачынае трансліраваць пытанні: «А якія ў вас любімыя кнігі, а якія фільмы? Ці прывезлі вы мне які-небудзь падаруначак?» Пры гэтым яго позірк накіраваны быццам скрозь людзей, а блакітныя вочы шалёна блішчаць.

Мы шпацыруем уздоўж невялічкага штучнага возера і размаўляем за жыццё. Васілю 38 гадоў, большую частку якіх ён правёў спачатку ў спецшколе, а пасля ў шасці дамах-інтэрнатах. Ён баіцца птушак, не ўяўляе свайго жыцця без бортніцтва, дагэтуль не ўмее чытаць і, самае галоўнае, малюе карціны. «Я люблю гартаць кніжкі з малюнкамі, а маляваць пачаў зусім выпадкова, – у гэты момант мастак-самавучка дастае старыя савецкія фотаальбомы з заплечніка. – Заўсёды нашу іх с сабой… Мае карціны дораць шматлікім камісіям і праверкам, што наведваюць мой дом». Ягоны дрэнна паголены твар ззяе ад гонару, а вусны кранае ўсмешка. Першы раз за ўсю гутарку.

Не толькі Васіль лічыць Свірскі інтэрнат сваім домам. Няхай тут няма ўтульнага коміну, а санітары з дактарамі замяняюць сям’ю, большасць жыхароў не ўяўляе сабе жыццё дзесьці ў іншым месцы. Бадай што кожны мае вялікі патэнцыял, аднак развіваць гэты патэнцыял няма каму, мала хто пагаджаецца займацца з хворымі працатэрапіяй або арт-тэрапіяй за мізэрны заробак. У нас так не прынята.

Мары і флірт

Бадай што кожны тут мае і свае мары: хтосьці мроіць пра мабільны тэлефон, некаторыя нават пра падарожжы ў іншыя краіны, а вось хворыя на сіндром Даўна найлепшыя сябры Алежка і Алёна – пра вучобу ў Акадэміі мастацтваў. Атрымаўшы нават невялікую надзею на тое, што іх агульная мара спраўдзіцца, яны ўзводзяць яе ў абсалют і страшэнна перажываюць, калі што-небудзь не атрымліваецца.

Адзінай мэтай свайго жыцця – знаёмствам з Таняй Буланавай – дзеліцца з намі статны Аграном, а паводле пашпарта проста Саша. На ім няма нічога акрамя акуляраў з таўшчэзнымі лінзамі і кароткіх шортаў. Двухметровы дзяціна з цёмна-карычневай ад загару скурай дванаццаць гадзін на дзень праводзіць на градках, корпаючыся сярод бясконцых шэрагаў капусты і буракоў. Дзякуючы Аграному, на стол інтэрнатаўцаў круглы год трапляе свежая садавіна і гародніна.

Вядома, Аграном шануе і Філіпа Кіркорава, нават з гонарам паказвае мне асабістае віншаванне ад «караля рускай папсы» – паштоўку з выявай Філі, раздрукаваную на звычайным каляровым прынтары супрацоўнікамі дома-інтэрната. Саша верыць, што гэтае віншаванне сапраўднае. Нікому нават у галаву не прыходзіць упэўніваць яго ў адваротным. Цяпер Аграном збірае грошы, каб набыць ноўтбук. На прасторах інтэрнэту ён спадзяецца пазнаёміцца з Таняй Буланавай – ва ўласнай іерархіі Сашы Агранома яна па-ранейшаму займае топавую прыступку.

З кранальнай пяшчотай інтэрнатаўцы апякуюцца адно адным: тыя, што ходзяць, самі выводзяць на шпацыр нямоглых або дзеляцца вопраткай, калі на тое ўзнікае патрэба. Не абыходзіцца і без флірту. Некаторыя жанчыны просяць набыць ім лак для пазногцяў або мыла з прыемным водарам – усё, каб спадабацца моцнай палове дома-інтэрната.

Галоўную мясцовую какетку завуць Таццяна. Яна не ўяўляе паўсядзённага выхаду ў свет без лёгкага мэйкапу: на пазногцях лак кіслотнага адцення, вусны падфарбаваныя ружовай памадай, трошкі тушы тут і танальнічку там. Мужчыны ў захапленні трымаюцца за сэрца, на сон і апетыт можна забыцца. Сяброўку Таццяны завуць Ларыса, але для сваіх яна – Жадзі. Жанчына надта любіць танцаваць і вось ужо некалькі месяцаў аддана асвойвае складаныя рухі ўсходніх моваў цела. Да таго ж яе ўлюбёнае кіно – бразільскі серыял «Клон», дзе галоўную гераіню завуць Жадзі, адсюль і дзіўная мянушка.

Яшчэ тут жыве Шыпун. Калі ён трапіў у інтэрнат, замест словаў ад яго можна было пачуць толькі шыпенне і нічога болей. Дзякуючы заняткам з тэрапеўтамі цяпер Шыпун можа сказаць што-небудзь зусім простае, калі моцна захоча – дактары лічаць гэты факт каласальным поспехам і ганарацца Шыпуном. Ён любіць людзей і вялікія кампаніі ды з непадробным задавальненнем спрабуе наладзіць камунікацыю з іншымі жыхарамі дома-інтэрната, асабліва з яго жаночай часткай. Звычайна Шыпун падыходзіць да якой-небудзь кабеты, абдымае яе на некалькі хвілін, а пасля моўчкі сыходзіць. Часам такі спосаб праяўлення пачуццяў правакуе сур’ёзныя канфлікты паміж хлопцам і патэнцыйным кавалерам той ці іншай жанчыны. Да бойкі, дзякуй богу, справа не даходзіць.

Далёка не ўсе маюць магчымасць вольна хадзіць па тэрыторыі дома-інтэрната, паглыбляючыся ў свае справы. Для падкіх на ўцёкі або асабліва небяспечных пастаяльцаў на свежым паветры пабудаваны спецыяльны манеж – каробка даўжынёй некалькі дзясяткаў метраў, аточаная высокім парканам. «Асобыя» праводзяць там 3-4 гадзіны на дзень пад пільным даглядам больш сацыялізаваных жыхароў былой панскай сядзібы.

Для жыхароў Свірскага псіханеўралагічнага дома-інтэрната не існуе звыклых для нас паняццяў прасторы і часу. 40-гадовая жанчына лёгка можа лічыць сябе 8-гадовай дзяўчынкай – гэта яе права і праўда. Мы ж прызвычаіліся быць большасцю з выключным правам вызначэння межаў нармальнасці. Тых, хто не ўпісваецца ў прынятыя каноны, ізалююць ад грамадства, збіваюць у маленькія калоніі са сваімі марамі і страхамі падалей ад вачэй. І вакол іх застаецца адзін вялікі бязмежны запаведнік.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?