9 ліпеня 2012 года Аляксандр Лукашэнка падпісаў указ «Аб перадачы Дзяржаве Катар зямельных участкаў для будаўніцтва рэзідэнцыі і паляўнічых вальераў».

Кіраўнік краіны загадаў падарыць арабам надзелы ў Смалявіцкім і Лагойскім раёнах. Паколькі замежнікі не могуць валодаць беларускай зямлёй, Катару давалі яе ў арэнду на 99 гадоў. Указ быў выдадзены з грыфам «для службовага карыстання», таму ў агульны доступ не трапіў.

Абмен зямельнымі ўчасткамі між краінамі часам практыкуецца, аднак невядома, які падарунак быў зроблены Беларусі ў адказ.

Мінаблвыканкам выдзеліў «участак для будаўніцтва і эксплуатацыі рэзідэнцыі» ў красавіку 2013. І вось цяпер катарцы пачалі патрохі асвойваць выдзеленыя землі. Як аказалася, ім дасталася 25 гектараў на беразе Дубраўскага вадасховішча. Гэты вадаём быў створаны 30 гадоў таму як рэзерв для Вілейска-Мінскай воднай сістэмы. Вакол яго з цягам часу пабудавалі дачныя пасёлкі, а на пясчаных пляжах улетку адпачываюць сотні сталічных жыхароў.

Паварот на Дуброву знаходзіцца на 25-м кіламетры трасы М3 «Мінск-Віцебск». За кошт пагорыстага рэльефа з дарогі не бачна ні возера, ні будоўлі.

Кіламетр дарогі па бетонных плітах — і перад вачыма адкрываецца від на раскурочаны лес. З дзясятак старожак абстаўлены будаўнічай тэхнікай, аднак актыўнасці не відаць.

Падрадчыкам першага этапу будаўніцтва стала кампанія «Маналіт груп». Яе рабочыя закапалі апоры для будучага высачэзнага плота.

Пашпарта аб’екта на будоўлі не відаць. Ахоўнікі тлумачаць, што замоўцы перадумалі і адмовіліся ад ранейшага праекта. Цяпер дакументацыя нібыта пераробліваецца.

Катарцаў чакае цікавае суседства.

Летась літаральна за сто метраў ад іх быў створаны яшчэ адзін дачны пасёлак. Садовае таварыства «Багута-2» налічвае каля 40 надзелаў зямлі на беразе вадасховішча. Новыя гаспадары яшчэ не паспелі дабудаваць свае палацы. «Багута-2» — далёка не просты пасёлак. Сярод уласнікаў зямлі — спрэс 30—40-гадовыя мужчыны, імёны якіх невядомыя ні грамадству, ні інтэрнэту. Некаторыя з іх зарэгістраваныя ў будынку Камітэта дзяржаўнай бяспекі.

Дый старшыня садовага таварыства — начальнік аддзела галоўнага ўпраўлення КДБ.

А вялікае поле паміж трасай і катарскім лесам належыць прафесару Пятру Сінкевічу — гэта адзін з уласнікаў гандлёва-забаўляльнага комплекса «Экспабел». Зямлю каля Дубраўскага вадасховішча — а гэта амаль 48 гектараў! — яму выдзелілі для вядзення фермерскай гаспадаркі. Сінкевіч атрымаў яе ў пажыццёвае валоданне з правам перадачы ў спадчыну.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?