Гарадок, райцэнтр у Віцебскай вобласці, перажывае звышхуткую рэканструкцыю. Аўральная праца будаўнікоў звышрастратная. Прэм’ер-міністр Мясніковіч незадаволены становішчам. Жыхарам горада нязручна, але прыемна, што «робіцца хоць нешта». Рэпартаж са сталіцы «Дажынак». Апошніх — больш рэспубліканскага свята працаўнікоў вёскі не будзе.

Рэканструкцыя старой забудовы ля цэнтральнай плошчы Гарадка.

Рэканструкцыя старой забудовы ля цэнтральнай плошчы Гарадка.

На будоўлі гатэльна-спартыўнага комплексу.

На будоўлі гатэльна-спартыўнага комплексу.

Шыльда «Мы адчынены» на недабудаваным комплексе будынкаў аўтастанцыі ў Гарадку.

Шыльда «Мы адчынены» на недабудаваным комплексе будынкаў аўтастанцыі ў Гарадку.

Будынак краязнаўчага музею з флюгерам з «Пагоняй».

Будынак краязнаўчага музею з флюгерам з «Пагоняй».

Пагоня на даху будынка краязнаўчага музея ў Гарадку.

Пагоня на даху будынка краязнаўчага музея ў Гарадку.

Жыхары Гарадка ўжо прызвычаіліся да «вечнага» рамонту ў горадзе - ходзяць проста пад будаўнічай тэхнікай.

Жыхары Гарадка ўжо прызвычаіліся да «вечнага» рамонту ў горадзе - ходзяць проста пад будаўнічай тэхнікай.

Нечаканая рэканструкцыя для жыхароў аднаго з пад'ездаў у Гарадку.

Нечаканая рэканструкцыя для жыхароў аднаго з пад'ездаў у Гарадку.

Пераюудоўваюць нават дамы, які прайшлі і капітальны рамонт.

Пераюудоўваюць нават дамы, які прайшлі і капітальны рамонт.

Уцяпліцель ля неатынкаванай сцяны жылога дома.

Уцяпліцель ля неатынкаванай сцяны жылога дома.

Недакладзеная плітка.

Недакладзеная плітка.

Цэнтральныя вуліцы Гарадка - спрэс у рамонце.

Цэнтральныя вуліцы Гарадка - спрэс у рамонце.

Замена пліткі ў дварах жылых дамоў.

Замена пліткі ў дварах жылых дамоў.

Двор жылога дому падчас рэканструкцыі пад «Дажынкі».

Двор жылога дому падчас рэканструкцыі пад «Дажынкі».

Перадгісторыя

13 верасня, перад «Дажынкамі» ў Жлобіне, Аляксандр Лукашэнка падпісвае распараджэнне, згодна з якім Рэспубліканскі фестываль-кірмаш працаўнікоў вёскі пройдзе ў Гарадку. Ствараецца аргкамітэт, які выпрацоўвае план мерапрыемстваў. Разам з бюджэтам краіны на 2014 год ухваляецца і бюджэт на «Дажынкі». Аргкамітэт узначальвае намеснік Мясніковіча — Міхаіл Русы.

Мясцовыя ўлады ў Гарадку, адчуваючы маштаб дзярждатацый на рэканструкцыю і развіццё інфраструктуры, паціраюць рукі.

Наваствораны аргкамітэт «Дажынак-2014» наведвае Гарадок у лютым і робіць выснову, што сродкаў для падрыхтоўкі да рэспубліканскага свята ў бюджэце хапае толькі на чвэрць ад запланаванага.

10 сакавіка, на спецнарадзе па «Дажынках», Лукашэнка прыняў рашэнне іх адмяніць. Яны «пакідаюць добры след у народа», але ў іх арганізацыі «ёсць пэўныя недахопы».

У канцы сакавіка працоўная група зноў едзе ў Гарадок з новай інспекцыяй і расчараваннем для мясцовай вертыкалі — у Гарадку пройдуць абласныя «Дажынкі». Але рэканструкцыя ўжо распачата, цэнтр горада пераўтвораны ў будпляцоўку, а часу застаецца не так і шмат.

І помнік Тарасу

Ад вясны Гарадок стаў другім па важнасці «спецаб’ектам» у Беларусі пасля будоўлі Астравецкай АЭС. Замяняецца асфальт на дарозе Віцебск—Гарадок. Высякаецца кустоўе вакол трасаў. Прыдарожнае возера Доўжа чысцяць ад водарасцяў. Вуліцы Гарадка застаўлены будаўнічай тэхнікай. Цэнтр горада нагадвае адну вялікую будоўлю, быццам гэтае месца будуецца з нуля на пустым месцы, як шматлікія гарады «энергетыкаў» і «атамшчыкаў» у савецкі час.

Сотні будаўнікоў — укладчыкаў, экскаватаршчыкаў, муляроў — запаланілі вуліцы мацюкамі.

Цэнтральная плошча ўжо рэканструявана. З фасада Дома культуры на мяне з глазураванай мазаікі шчасліва пазіраюць чырвонаармейцы, працаўнікі сяла і гожыя дзяўчаты, якія збіраюць яблыкі. Леніна з плошчы прыбралі ўбок і заціснулі паміж будынкамі.

Цяпер яго пралетарскае вітанне ў будучыню ўказвае на могілкі — з супрацьлеглага боку плошчы месціца мемарыял Вялікай Айчыннай.

Насупраць мемарыяла, на тым канцы плошчы, ззяе абноўлены будынак краязнаўчага музея. Шпіль яго даха ўпрыгожвае «Пагоня», герб Віцебшчыны. Такое пазітыўнае адкрыццё, якога ніколі не чакаеш ад кандовых рэканструкцый «пад дажынкі» — дэсаветызацыя і беларусізацыя адным махам.

А яшчэ ж у цэнтры Гарадка ўсталююць і помнік герою паэмы «Тарас на Парнасе». Яна ж тут была напісана шляхціцам Вераніцыным. Гэта калі пра добрае… 

Лепш так, чым было

Пенсіянер Васіль асцярожна выходзіць са свайго пад’езда — яго дом па вуліцы Пралетарскай ў цэнтры рэканструкцыі. У цаглянай трохпавярховай скрыні адначасова ўцяпляюць, тынкуюць і фарбуць фасад, надбудоўваюць дах з чырвонай металадахоўкі і падводзяць новыя трубы. Адразу перад пад’ездам вялікая яма. «Ну, канечне, трохі цапу-лапу, можа, і трэсне што зімой… Але ўжо лепш так, чым было. Аблуплены Гарадок быў перад «Дажынкамі», — сказаў мне Васіль і, пачакаўшы, пакуль праз двор праедзе вялікі жоўты пагрузчык, пайшоў да ўніверсама, ля якога экскаватарам узрылі ўсю тэрыторыю, каб замяніць стары асфальт на плітку.

Жыхары Гарадка звыкліся з часовымі нязручнасцямі жыцця на будпляцоўцы. Сярод гаспадарскіх справаў у Гарадку самая папулярная — мыццё вокнаў.

На тых дамах, дзе муляры паспешліва абнаўлялі фасады неакуратна, заплямлена шмат вокнаў. Гулу тэхнікі не чуваць толькі ў аддаленых раёнах — іх рэканструкцыя не зачапіла.

Спіс запланаванага ўражваў мясцовых жыхароў — новы стадыён, басейн, гандлёвы цэнтр… Але грошай не хапіла. Будаўніцтва басейна не распачалося.

Дарэчы, басейн пабудавалі пад абласныя «Дажынкі» ў Расонах некалькі гадоў таму, а жыхароў там у два разы меней.

Несістэмнасць працы мясцовых чыноўнікаў, каб асвоіць нават прапанаваны бюджэт, праявіла сябе і тут. За чатыры месяцы да свята Гарадоцкі райспажыўсаюз толькі пачынаў шукаць падрадчыкаў для будаўніцтва двух новых будынкаў. Масавая рэканструкцыя «наскокам», калі будаўнічыя брыгады збіраюцца з усяго рэгіёна і наспех рамантуюць дзясяткі аб’ектаў без належнай арганізацыі працэсу, аказваецца неэфектыўнай і растратнай. Гэта пачалі разумець чыноўнікі самага высокага ўзроўню. Візіт прэм’ер-міністра Міхаіла Мясніковіча з інспекцыяй у Гарадок 25 ліпеня гэта толькі пацвярджае: «Трэба было першапачаткова канцэнтраваць увагу і грошы на тым, што неабходна ў першую чаргу, на тым, што рыхтуецца не проста да «Дажынак», а будзе працаваць для эканомікі Гарадка многія гады. На жаль, размазалі сродкі па многіх аб'ектах, і цяпер трэба ратаваць становішча», — сказаў прэм'ер.

Дзіўна толькі, чаму для Мясніковіча, якому вядомы ўсе пралікі дажынкавых рэканструкцый мінулых гадоў, гэтая выснова стала актуальнай толькі цяпер — падчас падрыхтоўкі да 19-х (!) «Дажынак»?

Цяпер ясна, чаму Лукашэнка сваім рашэннем вясной згарнуў створаны ім жа праект пад назвай «Рэспубліканскія Дажынкі». Так і не склалася гнуткая сістэма кантролю за расходам бюджэтных сродкаў. Не склалася і здаровая сістэма працоўных зносін, якая ўплывае на эфектыўнасць і якасць працы. «Дажынкам», каб стаць аналагам «Актобэрфэсту», не хапіла сучаснага менеджменту, прыватніка. Хаця само свята магло б стаць беларускай культурнай адметнасцю.

Прапаноўваецца адзначаць найлепшых працаўнікоў вёскі ў пачатку года ў Палацы незалежнасці. Лукашэнка будзе вітаць хлебаробаў са сцэны, а гул яго вёрталета застанецца толькі ў памяці жыхароў некалькіх гарадоў. Гарадок сярод іх будзе апошнім.

***

Першыя рэспубліканскія «Дажынкі» прайшлі ў 1996-м у Століне. Пасля гэтага месцам іх правядзення выбіралі яшчэ Шклоў, Масты, Оршу, Маладзечна, Горкі ды іншыя гарады. Кожны раз да «Дажынак» райцэнтры атрымлівалі шматмільярдныя інвестыцыі ў інфраструктуру і сацкультбыт. Цэнтральнай падзеяй святаў заўсёды з’яўляўся візіт Аляксандра Лукашэнкі на канцэрт і адкрыццё новых аб’ектаў інфраструктуры. «Дажынкі—2013» у Жлобіне сталі апошнімі ў статусе Рэспубліканскага свята працаўнікоў вёскі.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?