Першымі памяць слуцкіх паўстанцаў 24 лістапада ўшанавалі ўдзельнікі паездкі па мясцінах, дзе адбывалася паўстанне, арганізаванай рэспубліканскім грамадскім аб’яднаннем «Беларускае добраахвотнае таварыства аховы помнікаў гісторыі і культуры», партыяй БНФ і грамадскім аргкамітэтам па ўвекавечванню памяці ахвяраў сталінскіх рэпрэсій.

У падарожжы, якое пралягала па маршруту вёскі Грозава і Семежава (Капыльскі раён) — Чырвоная Слабада (Салігорскі раён) — Слуцк — Старыя Дарогі, прынялі ўдзел каля ста чалавек. У Старых Дарогах на адкрыццё памятнага знака героям Слуцкага збройнага чына да іх далучыліся жыхары Слуцка і Салігорска.

Урачыстае мерапрыемства адбылося ў прыватным музеі Анатоля Белага. На ім таксама прысутнічала аташэ амбасады Чэхіі ў Беларусі Яна Паўлава. Гаспадар, які, дарэчы, з’яўляецца аўтарам памятнага знака сумесна са сваім братам Міхаілам Белым і мастаком‑афарміцелем Уладзімерам Каравацкім, у размове з журналістам «Салідарнасці» сказаў, што ідэя стварэння помніка слуцкім паўстанцам была агучана ім ў прэсе яшчэ ў 1992 годзе.

«Быў аб’яўлены конкурс, у якім прыняў удзел адзіны скульптар Міхаіл Інькоў. Ён стварыў рабочую мадэль помніка. На жаль, той праект не быў выкананы з‑за адсутнасці грошай. Зараз я шчаслівы, што ажыццявіў сваю даўнюю задуму», — гаворыць Анатоль Белы.

Памятны знак уяўляе сабой выцінанку па металу (пласкасную скульптуру) памерам 3 на 2,5 метры, усталяваную на вышыні сем метраў на даху дома‑музея. На шасціканцовы крыж святой Еўфрасінні Полацкой пакладзена выява паўстанца. Ён гіне, але рукой засланяе старажытны беларускі герб «Пагоня», змешчаны ў цэнтры пячаткі «Часовай рады Случчыны Беларускай Народнай Рэспублікі». У аснове знака напісана: «Тым, хто пайшоў паміраць, каб жыла Бацькаўшчына».

Каб ускласці вянок і кветкі да знака, маленькаму хлапчуку Вітаўту прыйшлося ўзбірацца па лесьвіцы. Анатоль Белы звярнуўся да слуцакоў з прапановай паклапаціцца знайсці ў горадзе сядзібу і ўсталяваць на ёй такі помнік.

На наша пытанне, ці вёў спадар Белы гаворку пра гэтае з адміністрацыяй Слуцкага райвыканкама, суразмоўца адказаў:

«Я да іх не звяртаўся. Некалькі гадоў таму я перадаў у Слуцк помнік слуцкім ткачыхам, і па сённяшні дзень, як кажуць: «ни ответа, ни привета». Яны хацелі ўсталяваць яго на месцы, дзе стаяў помнік Жукаву, але я на гэтае згоды не дам. На месцы, дзе вітае дух палача беларускага народу, паставіць помнік брэнду Слуцка — гэта супраць майго сумлення».

Памятны знак — не адзіны экспанат у Старадарожскім музеі, які прысвечаны падзеям 1920 года на Случчыне. У экспазіцыі прадстаўлены каля 90 партрэтаў паўстанцаў, створаных мастакамі Анатолем Крывенкам і Алесем Цыркуновым.

Грамадскі дзеяч Вячаслаў Сіўчык выказаў задавальненне вандроўкай:

«27 лістапада, дзень Слуцкага збройнага чына, ўжо даўно замацаваўся ў нацыянальным календары Беларусі. І вельмі добра, што ёсць традыцыя найноўшага часу, калі беларускія патрыёты наведваюць крыжы, пастаўленыя ў 1990‑х гадах у памяць аб змагарах Слуцкага збройнага чына ў Грозава, Семежава і Вызна. Святкуючы гэтую дату, мы не толькі ўшаноўваем памяць нашых продкаў, мы яшчэ закладаем вельмі добры падмурак пад будучыню, бо случчакі паўсталі, каб жыла Беларусь».

Святар незарэгістраванай Беларускай аўтакефальнай праваслаўнай царквы пратаіерэй Леанід Акаловіч асвяціў памятны знак і сядзібу музея.

На наступны дзень 25 лістапада ў Слуцку каля будынка мясцовага краязнаўчага музея актывісты Кансерватыўнай хрысціянскай партыі БНФ разам з Салігорскай суполкай «Маладога фронта» правялі свой мітынг, прысвечаны 87‑ым ўгодкам Слуцкага збройнага чына. Іх акцыя была не такой масавай, як у мінулым годзе. Удзел у ёй прынялі каля шасцідзесяці чалавек разам з мясцовымі жыхарамі. Прадстаўнікі мясцовага Таварыства беларускай мовы раздавалі мінакам буклеты пра падзеі 1920 года, калі больш за 10 тысяч паўстанцаў змагаліся супраць бальшавікоў за волю і незалежнасць Беларусі.

Увечары, калі сцямнела, у Слуцку прайшла яшчэ адна акцыя, якую арганізавалі актывісты незарэгістраванай арганізацыі «Правы альянс». За будынкам музея яны зрабілі салют, а пасля прайшлі пад сцягамі да перакрыжавання вуліц Леніна і Жукава.

Тацяна Гусева, «Салiдарнасць»

***
sabolka_slucki_1_071126 (44K)
Грозаў. Франак Вячорка зачытвае ліст ад Івонкі Сурвіллы,
накіраваны ўдзельнікам сьвяткавання ўгодкаў Слуцкага збройнага чыну.

sabolka_slucki_2_071126 (39K)
Грозаў

sabolka_slucki_3_071126 (35K)
Грозаў

sabolka_slucki_4_071126 (29K)
Грозаў

sabolka_slucki_5_071126 (56K)
Семежава

sabolka_slucki_6_071126 (47K)
Семежава

sabolka_slucki_8_071126 (42K)
Вызна. Антон Астаповіч — кіраўнік Беларускага Дабраахвотнага Таварыства
Аховы Помнікаў Гісторыі і Культуры. Адзін з арганізатараў вандроўкі памяці.

sabolka_slucki_10_071126 (37K)
Вызна. Леанід Акаловіч — сьвятар Беларускай Аўтакефальнай
Праваслаўнай Царквы. Падчас вандроўкі ім былі асьвечаны месцы памяці
Слуцкага збройнага чыну ў Грозаве, Семежаве, Вызьне і Старых Дарогах.

sabolka_slucki_11_071126 (66K)
Тут стаяў крыж. Ён зьнікае ня першы раз. Месьцічы ківаюць на «бацюшку».

sabolka_slucki_12_071126 (33K)
Слуцак. Будынак, дзе ў 1920 г.
было прынятае рашэнне аб пачатку паўстаньня.

sabolka_slucki_13_071126 (29K)
Слуцак

sabolka_slucki_14_071126 (47K)
Старыя Дарогі. Анатоль Белы сустракае гасьцей.

sabolka_slucki_15_071126 (33K)
Старыя Дарогі

sabolka_slucki_16_071126 (32K)
Старыя Дарогі. На даху музэю ўсталяваны стылізаваны крыж

sabolka_slucki_17_071126 (45K)
Старыя Дарогі. Частка музейнай экспазыцыі.

Фота Віталя Саболькі

Фотаматэрыял дасланы ў «Народныя навіны».
Дасылайце на [email protected] вашы фатаздымкі. Зьмяшчайце народныя навіны. Паведамляйце пра пільныя здарэньні на тэлефоны
(029) 707-73-29,
(029) 613-32-32,
(017) 284-73-29
Хай людзі ўбачаць вашымі вачыма!

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0