Фота ThinkStock
Даследнікі з Каліфарнійскага тэхналагічнага інстытута выявілі ўчастак галаўнога мозгу, стымуляцыя якога маментальна прыводзіць да «выключэння» апетыту, паведамляе Бі-Бі-Сі.
Вынікі гэтых даследаванняў дапамогуць у барацьбе з атлусценнем і анарэксіяй.
У ходзе эксперыментаў з удзелам мышэй навукоўцы выкарыстоўвалі лазерныя прамяні для стымуляцыі ў жывёл нейронаў ў галіне міндалепадобнага цела. Дадзеная вобласць мозгу звязаная з такімі эмоцыямі, як стрэс і страх. Раздражненне ўчастка прыводзіла да неадкладнага спынення спажывання ежы.
«Гэта было дзіўна, нібы вы націснулі выключальнік, які не дазваляе жывёлам есці», — распавёў галоўны аўтар даследавання Дэвід Андэрсан (David Anderson).
Пасля навукоўцы з дапамогай хімічных рэчываў дамагаліся імітацыі ў грызуноў розных адчуванняў, напрыклад, пачуцця сытасці, нядужання, млоснасці і горкага смаку. І ва ўсіх выпадках нейроны міндалепадобнага цела былі актыўнымі. Гэта дазваляе выказаць здагадку, што дадзеная група нейронаў адказная за фарміраванне рэакцыі на спажыванне ежы.
На думку даследчыкаў, цалкам верагодна, падобныя клеткі ёсць і ў чалавечым мозгу.
І калі гэта пацвердзіцца, то ў будучыні гэта можа дапамагчы ў лячэнні розных харчовых расстройстваў.