Сёння, 30 ліпеня, адбылася цырымонія падпісання Пагаднення паміж украінскім Кабінетам міністраў і беларускім урадам аб зацвярджэнні Палажэння аб дэмаркацыі дзяржаўнай мяжы паміж Украінай і Рэспублікай Беларусь. Цырымонія прайшла ў Чарнігаве, паведамляе УНІАН.

Дакумент падпісалі кіраўнікі дэлегацый Супольнай украінска-беларускай дэмаркацыйнай камісіі — пасол у асобых даручэннях МЗС Украіны Леанід Асавалюк і начальнік Упраўлення дэлімітацыі і дэмаркацыі дзяржаўнай мяжы Дзяржпамежнага камітэта РБ Аляксандр Архіпаў.

Чыноўнікі падкрэслілі, што Палажэнне аб дэмаркацыі мяжы было адпрацаванае цягам доўгага часу. Уласна падрыхтоўка дакументаў доўжылася з верасня 2013 года, у мінулым годзе ў лістападзе быў усталяваны першы знак на ўкраінска-беларускай мяжы.

Асавалюк патлумачыў, што зацвярджэнне Палажэння дазволіць актывізаваць дэмаркацыю ўкраінска-беларускай мяжы.

Дакумент прадугледжвае парадак абазначэння мяжы і нанясенне яго абазначэння на мясцовасць. «Узгодненыя ўсе пытанні. Галоўнае, што ўмеем дамаўляцца. І ўсе спрэчныя пытанні развязаліся, як паміж двума добрымі суседзямі», - падкрэсліў кіраўнік украінскай дэлегацыі.

Дамова паміж Украінай і Беларуссю аб дзяржаўнай мяжы была падпісаная 12 траўня 1997 года.

Дакумент быў ратыфікаваны Вярхоўнай Радай Украіны 18 ліпеня таго ж года, але не быў ратыфікаваны Нацыянальным сходам Беларусі.

Беларускі бок раней наўпрост звязваў пытанне ратыфікацыі дамовы аб дзяржаўнай мяжы са сплатай Украінай запазычанасці.

Яна паводле розных ацэнк складае ад $80 млн да $ 150 млн. У той жа час, няма дакументальнага пацверджання сумы запазычанасці, якая ўзнікла з пачатку 90-х гадоў. Беларускі бок сцвярджае, што яго прадпрыемствы пасля развалу СССР пералічылі ўкраінскім грошы за выпушчаную, але не пастаўленую прадукцыю.

Украіна, у сваю чаргу, заяўляла, што не разглядае гэтую запазычанасць як дзяржаўную.

Толькі 18 траўня 2013 года ў Кіеве ў прысутнасці Януковіча і Лукашэнкі быў падпісаны пратакол аб абмене граматамі аб ратыфікацыі дамовы паміж Украінай і Беларуссю аб дзяржаўнай мяжы ад 12 траўня 1997 года.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?