Леанід Краўчук, першы прэзыдэнт Украіны, пракамэнтаваў паведамленьні, што Беларусь можа стаць пляцоўкай для перамоваў у справе ўрэгуляваньня крызысу на ўсходзе Ўкраіны.

«Тое, што я чытаў у СМІ, і меў інфармацыю ад службовых асобаў тут, то там напісана так: «Беларусь можа стаць месцам правядзеньня сустрэчы». Гэта азначае, што Лукашэнка ня будзе ўдзельнічаць як пасярэднік, ён толькі дае сваю тэрыторыю. А хто будзе ўдзельнічаць у перамовах — гэта пытаньне. Калі гэта будзе Пуцін, Парашэнка і, напрыклад, Барозу, нехта з Эўразьвязу, з АБСЭ, то я падтрымліваю перамовы ў такім фармаце дзе заўгодна, акрамя краін, якія ня могуць прыняць такую сустрэчу з аб’ектыўных абставін.

На маю думку, Беларусь можа быць такім месцам. Тут ёсьць і гістарычныя паралелі. У свой час Беларусь стала месцам развалу Савецкага Саюзу, там была падпісаная Белавеская дамова. Магчыма, зараз Беларусь стане месцам, дзе будзе ўмацаваная незалежнасьць краін і спыненая агрэсія спадара Пуціна. Гэта была б сымбалічная і знакавая падзея.

Але калі гаворыцца пра нейкую кантактную групу, пра людзей, якія ня маюць ніякіх паўнамоцтваў і нічога не падпісваюць, а толькі заяўляюць, што яны хочуць мець Данецкую народную рэспубліку і Луганскую народную рэспубліку, і нічога не вырашаюць, бо яны па сваёй прыродзе спэцпрызначэнцы, засланыя з Расеі, то нам няма чаго размаўляць са «шнуркамі». Нам трэба размаўляць з тымі, хто вырашае. А гэта спадар Пуцін».

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?