Мінакі здзіўлена абарочваюцца на дзяўчыну ў вясельных строях. Яшчэ б! У нявесты ліловы сіняк пад вокам, а замест традыцыйнага букета ў руках улёткі.

— Вазьміце ўлётку, калі ласка, — звяртаецца яна да людзей. — Спынім гвалт над жанчынамі разам!

25 лістапада, у Сусветны дзень барацьбы з гвалтам над жанчынамі, прадстаўніцы БХК ды «Міжнароднай амністыі» пры падтрымцы моладзевых актывістаў правялі інфармацыйную кампанію.

Дзяўчыны, пераапранутыя нявестамі, намалявалі на сабе сінякі і апоўдні пачалі раздаваць улёткі ў гандлёвым цэнтры «Сталіца». Пазней інфармацыйная група перасунулася ў ГУМ.

Як сказала прадстаўніца «Міжнароднай амністыі», Штэфані Бэкманн, «менчукі аказаліся цяплейшымі за надвор’е». Насамрэч, людзі былі прыветнымі, шчыра цікавіліся праблемай, чыталі ўлёткі не толькі самі, але абяцалі перадаць іх сябрам і суседзям. Тым больш, што ва ўлётках акрамя актуальнай інфармацыі пра гвалт над жанчынамі ў нашай краіне, былі пазначаты тэлефоны даверу МУС, праз якія па дапамогу можа звярнуцца любы, каму яна патрэбна.

Сінякі на нявестах не распазнаваліся здалёк, і таму мінакі былі шакіраваны, калі падыходзілі бліжэй. Гэта і стала сэнсам кампаніі, бо хатні гвалт можа быць незаўважным, нават для саміх ахвяр.

Паводле БХК

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0