Кантактная група па Украіне на пасяджэнні ў Мінску вырашыла, што па маршруце місіі АБСЕ да месца крушэння малайзійскага «Боінга» не будуць весціся баявыя дзеянні.

«У межах рабочай групы вырашана, што ў тым калідоры, які сёння быў правераны місіяй АБСЕ з партнёрамі з Нідэрландаў і Аўстраліі, будзе падтрымлівацца спыненне любых баявых дзеянняў», — заявіў на брыфінгу 31 ліпеня віцэ-прэм'ер Украіны, старшыня дзяржкамісіі па расследаванні прычын катастрофы Уладзімір Гройсман, паведамляе РІА Новості

Нагадаем, у сустрэчы ўдзельнічаюць экс-прэзідэнт Украіны Леанід Кучма, пасол Расіі ва Украіне Міхаіл Зурабаў і афіцыйны прадстаўнік дзейнага старшыні АБСЕ па пытаннях урэгулявання сітуацыі ва Украіне Адэльхейд Тальявіні. Паводле інфармацыі дзяржаўнага агенцтва БелТА, у перамовах таксама ўдзельнічаюць прадстаўнікі кіраўніцтва самаабвешчанай «Данецкай народнай рэспублікі» (ДНР).

Вечарам 29 ліпеня прэс-служба Аляксандра Лукашэнкі распаўсюдзіла інфармацыю аб тэлефоннай размове з прэзідэнтам Украіны Пятром Парашэнкам «па ініцыятыве ўкраінскага боку». «Прэзідэнт Украіны звярнуўся да кіраўніка беларускай дзяржавы з просьбай прыцягнуць Рэспубліку Беларусь у якасці пляцоўкі для правядзення перамоў з удзелам усіх зацікаўленых бакоў па вырашэнні ўкраінскага крызісу. Аляксандр Лукашэнка згадзіўся з гэтай ініцыятывай», — паведаміла прэс-служба. 

Паводле звестак Адміністрацыі прэзідэнта Украіны, Парашэнка звярнуўся да Лукашэнкі з просьбай «садзейнічаць правядзенню ў Мінску 31 ліпеня пасяджэння трохбаковай кантактнай групы па ўрэгуляванні сітуацыі на Данбасе з удзелам другога прэзідэнта Украіны Леаніда Кучмы, пасла Расіі Міхаіла Зурабава і прадстаўніка АБСЕ». Як паведаміў Парашэнка, на абмеркаванне прапаноўвалася вынесці два пытанні: вызваленне ўсіх заложнікаў, якія застаюцца ў баевікоў (168 чалавек), і забеспячэнне допуску міжнародных экспертаў на месца падзення самалёта «Малайзійскіх авіяліній». 

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?