Крапіцкія — шматдзетная сям'я. У іх два сыны і дзве дачкі. Але іх вялікіх сэрцаў хапае і на чужое гора

Крапіцкія — шматдзетная сям'я. У іх два сыны і дзве дачкі. Але іх вялікіх сэрцаў хапае і на чужое гора

Гэты мужчына з Луганска «хацеў ваяваць за апалчэнцаў», але з'ехаў у Беларусь.

Гэты мужчына з Луганска «хацеў ваяваць за апалчэнцаў», але з'ехаў у Беларусь.

Кожны дзень людзі нешта прывозяць. Дапамагаюць нават мясцовыя прадуктовыя крамы.

Кожны дзень людзі нешта прывозяць. Дапамагаюць нават мясцовыя прадуктовыя крамы.

Чулая сям’я Крапіцкіх арганізавала прытулак для уцекачоў з Данбаса. 

У вёску Касакоўка прыехалі тры сям’і. Пра Крапіцкіх яны даведаліся праз сацыяльную сетку «Аднакласнікі». Усе гэтыя людзі баяцца заставацца на Радзіме, а Расія для іх застаецца краінай чужой і незразумелай. Таму для пераезду яны абралі Беларусь, якая для іх ёсць выспай стабільнасці і дабрабыту.

На вакзале мяне з фатографам сустракае Алег — светлавалосы хлопец. Ён адразу павёў нас да сябе дамоў. Жывуць Крапіцкія ў горадзе, а ў Касакоўцы яны арандуюць былую школу. Абвестка ў сацыяльных сетках аб’яднала вакол сям’і сотні людзей з усёй Беларусі. Дамагаюць нават таксісты і ўладальнікі крамаў.

Дзверы ў кватэру адчыняе Надзея — прыгожая жанчына гадоў трыццаці. На руках у яе немаўля. Да нас падбягаюць сабакі хаскі, а за імі — трое дзяцей. У Крапіцкіх чацвёра малых: дзве дзяўчынкі і два хлопцы. Старэйшай 8 гадкоў, а малодшай — 7 месяцаў. Акрамя гэтага ў іх тры сабакі і яшчэ кот, які ўвесь час хаваецца за канапай. Усе яны змяшчаюцца ў трохпакаёўцы.

Кватэра знаходзіцца ў стадыі рамонту. Добра ўладкаваная толькі зала. У некаторых месцах няма шпалераў. Мэбля старая, усё сціпла, але гэта не перашкаджае сям’і выглядаць шчаслівай. Алег Крапіцкі працуе прарабам на будоўлі.

Сям’я заўсёды была неабыякавай. Раней апантана дапамагалі сабакам. Для гэтага яны нават пабудавалі вальеры.

На кухні ў Крапіцкіх душна, кіпіць боршч і варыва для сабак. Тут жа сядзяць Марыя і Аляксей з сынам. Яны з горада Макееўка. Яны сцвярджаюць, што вырашылі пакінуць свой дом, калі па суседніх кватэрах пачалі хадзіць людзі без апазнавальных знакаў.

 «Пад пагрозай жыцця забіраюць мужчын і адсылаюць у нейкія лагеры ў Заходняй Украіне», — расказваюць уцекачы.

Вядома, што Макееўку ад пачатку кантралявалі баевікі, таму стуль не маглі высылаць людзей у Заходнюю Украіну. Дый Украіна ўвогуле не мабілізоўвала ў Данбасе: ясна, што на мясцовых нельга было пакласціся.

Значыць, гэтыя людзі хлусяць мне. Наколькі?

Можа, хадзілі па кватэрах акурат «апалчэнцы»? І чаму хлусяць? Найхутчэй што проста, каб апраўдаць сваё ўцякацтва. Але хто ведае. Хто яны? Нямаведама. І вось такіх уцекачоў чулыя Крапіцкія прымаюць у сваю кватэру.

Аляксей кажа, па адукацыі ён інжынер-механік, а Марыя працавала начальнікам аддзела ў страхавой фірме. А сёння яны кінулі ўсё і шукаюць прытулку ў іншай краіне.

Яшчэ некалькі тыдняў таму яны набывалі новую мэблю ў кватэру і планавалі летні адпачынак.

Праз гадзіну за намі прыехала таксі і мы накіроўваемся ў Касакоўку. Пакуль едзем, гутарым з Надзеяй.

«Мне крыўдна, што гэтым людзям не даюць статус уцекачоў. У законе чорным па белым напісана, што статус уцекачоў можа быць нададзены ўсім, хто адчувае небяспеку для свайго жыцця, — кажа жанчына. — Каб гэтыя людзі маглі тут спакойна знаходзіцца, ім трэба знайсці працу. Дзякуй старшыні мясцовага таварыства, які ўладкаваў на працу ўжо адну сям’ю ў калгас і хутка ім павінны выдзеліцьь жыллё. Есць ўжо і іншыя прапановы з суседніх калгасаў».

А як мясцовыя ўлады рэагуюць на ініцыятыву?

«Эміграцыйныя службы зацікавіліся, бо яны думалі, што мы тут банду невядомых уцекачоў прытулілі, але потым зразумелі, што мы нічога кепскага не робім. Ім жа па галаве ўжо з Мінску настукалі. Кажуць толькі: «Мы ж твар краіны, а вы людзей ў такіх умовах хочаце размяшчаць!» Я ж і кажу ім: «Дык дапамажыце!». Людзі мне пішуць і просяць засяліць іх куды заўгодна, хоць проста ў намёт. Як я магу адмовіць?

Прыехалі на месца праз хвілін дваццаць. Сама вёска знаходзіцца ў вельмі маляўнічых мясцінах, падворкаў у ёй каля двухсот. Будынак схаваны ў зеляніне. Ён быў калісьці школай, але даўно выведзены з эксплуатацыі. Умовы вясковыя: вада ёсць у адным месцы, а туалет на вуліцы. У школе грунтоўна зроблена толькі 2 покоі, астатнія — ў стадыі рамонту. Старшыня мясцовага таварыства вылучыў для аховы будынка ахоўніка - каларытнага дзеда.

«Мне прапаноўвалі на сцяне Лукашэнку намаляваць, але я сказала, што такі патрыятызм мы зможам праявіць хіба ў надпісы «Квітней Беларусь»,– жартуе Надзя.

– Дык можа Аляксандр Рыгоравіч хутка сам даведаецца пра вас і завітае.

«Я б гэтага хацела. Вельмі паважаю нашага прэзідэнта».

Мы перамяшчаемся ў галоўную залу будынка. Тут далучаемся да кола журналістаў і іншай сям’і, якая прыехала з дзецьмі з-пад Луганска. Людзі прыязджаюць абсалютна розныя, хтосьці выступае за адзіную Украіну, а хтосьці шчыра падтрымлівае сепаратыстаў у змаганні за далучанне да Расіі. Бацька сям’і з-пад Луганска збіраўся ісці ў апалчэнне.

Па ягоных словах, мужчынаў на мяжы з цягнікоў здымаюць. Усеагульная мабілізацыя робіць ўсіх мужчын ваеннаабавязанымі і ты мусіш абараняць краіну, інакш ты дэзэрцір.

Я запыталася ў сям’і Крапіцкіх, чаму яны ўсё ж такі вырашылі дапамагаць гэтым людзям.

На што яны без ваганняў адказалі: «Калі ідзе вайна - ўсе мы ахвяры. І няма апраўданняў ніводнаму з бакоў, калі людзі вымушаны цярпець. Калі мы адчуваем ў сабе сілы дапамагчы іншым, мы павінны дапамагаць».

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?