Нізкая прахадная планка ў ВНУ турбуе і выкладчыкаў. Культуролаг, прафесарка Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта культуры і мастацтваў са шматгадовым досведам педагагічнай дзейнасці Юлія Чарняўская называе прыёмную кампанію ў ВНУ «ліквідацыяй пісьменнасці». Яна расказала «НН», як змяніліся студэнты з 1990-х і чаму вышэйшая адукацыя мусіць быць элітарнай.

«Наша Ніва«: Ці маюць людзі з трыма баламі са ста па тэставанні права паступаць у ВНУ?

Юлія Чарняўская: Я лічу, што вышэйшая адукацыя павінная быць вышэйшай. Наша праблема ў тым, што мы чамусьці вырашылі, што атрымаць вышэйшую адукацыю мае права кожны.

Сёння адной з сусветных тэндэнцый вышэйшай адукацыі ёсць пачатак дзялення на масавыя ВНУ, якія проста паглыбляюць школьную адукацыю, і элітарныя. І тыя, і тыя маюць права на існаванне. Адбор у ВНУ розных эшалонаў таксама мусіць быць розным па сваёй жорсткасці. Аднак браць у ВНУ людзей, якія, да ўвядзення настолькі нізкага мінімальнага бала, маглі б навучацца толькі ў ПТВ, — гэта ўдар па прэстыжы і рэпутацыі ўніверсітэта.

Сарбона, напрыклад, прымае ўсіх. Аднак у Сарбоне ёсць жорсткі адбор пасля. Ты адвучыўся семестр — і калі вучышся дрэнна, цябе можна лёгка адлічыць. І адлічаюць там шмат.

Ад паловы да трох чвэрцяў! У нас жа праблема ў тым, што адлічаюць мала. І я не ведаю, як вырашыць гэту праблему. Калісьці Лукашэнка казаў, што краіне патрэбна больш працоўных рук. І гэта той выпадак, калі я цалкам згодна. Можна рабіць ССНУ з ільготамі для паступлення ў ВНУ. Аднак запаўняць ВНУ тымі, кім іх запаўняюць цяпер, нельга.

«НН»: Ці ёсць негалосная забарона выключаць з ВНУ студэнтаў-платнікаў?

ЮЧ: Вядома, цяпер, калі ВНУ мусяць усё больш шукаць фінансавання самастойна, платнік з'яўляецца чалавекам, які нясе ўніверсітэту грошы. Таму, з аднаго боку, адлічаць іх, вядома, «нерэнтабельна». З другога боку, калі я буду спрыяць адлічэнню непрацаздольнага студэнта, мне нічога за гэта не будзе. Мне не зробяць вымову, не пазбавяць прэміі. Вялікую ролю тут адыгрывае савецкі стэрэатып, што ў няўдачах студэнта вінаваты настаўнік. Таму гэта не студэнт дрэнна вучыцца — гэта настаўнік не зацікавіў, не матываваў.

«НН»: Як змяніліся студэнты ВНУ за апошнія гады?

ЮЧ: Самыя цікавыя студэнты ў мяне былі ў 90-я гады, гэта быў мой «залаты век». Студэнты тады былі сацыяльна матываваныя, ідэйна матываваныя. Да таго ж, у тых студэнтаў быў велізарны піетэт да ведаў. Цяперашнюю ж сітуацыю я магу апісаць словамі расійскага рэжысёра Камы Гінкаса: «Ім не сорамна не ведаць».

Студэнтам растлумачылі, што ўсё ведаць немагчыма, што яны не наватары і не Эйнштэйны і што ім трэба арыентавацца ў сваёй вузкай галіне. Уменне замаўляць білеты на самалёт стаіць цяпер на адной прыступцы з веданнем твораў класікаў культуры.

Да таго ж, у сённяшніх навучэнцаў значна пагоршала памяць, бо ёсць «Гугл», дзе захоўваецца інфармацыя. Сучасныя студэнты менш уседлівыя, ім цяжка вытрымаць пару, а настаўніку цяжка вытрымаць такіх вучняў. Разам з тым студэнты сёння весялейшыя і менш «загружаныя».

«НН»: Чаму самі ВНУ прымаюць людзей з такім узроўнем ведаў? Зразумела, што з такіх людзей наўрад ці атрымаюцца добрыя спецыялісты.

ЮЧ: Здаецца, менш за патрэбнае дбаюць аб прэстыжы вышэйшай адукацыі ў краіне.

Вышэйшая адукацыя ўспрымаецца як базавая, а не выключная. Але я не магу сказаць, што тут вінаватыя толькі чыноўнікі. На ўсёй постсавецкай прасторы вышэйшая адукацыя пачала ўспрымацца насельніцтвам як абсалютная неабходнасць. Раней гэтага не было.

У гэтым вялікая бяда для выкладчыка. Калі ты стаіш у групе, дзе шэраг людзей маюць па 80—90 балаў за прадмет, а шэраг — 3, ты не ведаеш, на якім узроўні выкладаць.

Калі падрабязна «разжоўваць», людзям з высокім балам будзе нецікава і нудна. Калі арыентавацца на самых разумных, астатнія нічога не зразумеюць.

«НН»: Як выправіць становішча?

ЮЧ: Трэба заахвочваць студэнтаў вучыцца. Для гэтага выдатна падыходзіць матэрыяльны стымул. Напрыклад, калі за поспехі ў навучанні скасоўваецца частка платы за навучанне. Раней такія інструменты шырока прымяняліся. Цяпер гэта робіцца радзей.

На нейкія спецыяльнасці трэба элітарны набор і выпускнікам гэтых спецыяльнасцяў гарантавалася працаўладкаванне на добрых месцах.

Яшчэ ў 1990-я я прапанавала такім чынам павысіць рэйтынг беларускай філалогіі ў БДУ. Я прапанавала стварыць элітарныя групы з моцных студэнтаў, які не маглі б заслаць у глухую вёску па размеркаванні. Аднак узамен яны мусілі б адпрацаваць у найлепшых мінскіх гімназіях на вельмі добрых умовах. Аднак на маю ініцыятыву круцілі пальцам ля скроні.

Трэба аналізаваць дэфіцыт працоўных месцаў і прапанаваць больш выгадныя ўмовы навучання па гэтых спецыяльнасцях. Ну і, вядома, трэба каб ВНУ пазбаўляліся ад «баласту». То бок «гнаць» студэнтаў, якія не цягнуць праграму.

Гутарыў Кірыла Хілько

***

Набраць тры балы са ста на ЦТ? «Наша Ніва» зладзіла эксперымент

Летась мы адправілі на ЦТ трох рэпарцёраў, якія павінны былі здаваць тэсты без падрыхтоўкі, ставіць птушачкі практычна наўздагад.

Для эксперыменту былі выбраныя тры «тройкі» іспытаў, якія даюць найшырэйшыя магчымасці для паступлення. Здаўшы мову, матэматыку і грамадазнаўства можна падаваць дакументы на правазнаўства ці, напрыклад, у Акадэмію МУС (хоць туды неабходна здаць яшчэ і іспыт па фізпадрыхтоўцы).

Сертыфікаты па матэматыцы, фізіцы і мове адкрываюць дарогу для паступлення на безліч тэхнічных спецыяльнасцяў.

Трэці папулярны кірунак — філалогія і лінгвістыка — патрабуе здачы іспыта па беларускай ці рускай, замежнай мове і гісторыі Беларусі.

У выніку наш абітурыент-»юрыст» набраў 40 балаў па беларускай мове, 39 па грамадазнаўстве і 11 па матэматыцы.

«Лінгвіст» атрымаў 16 па англійскай, 10 па расійскай і 32 па гісторыі Беларусі.

«Матэматык» здаў беларускую на 42, матэматыку на 10 і фізіку на 11.

У мінулым годзе ў звычайныя ВНУ ніхто з журналістаў «НН» не «паступіў»: мінімальны прахадны бал складаў 10-20 пунктаў.

Але ў 2014 годзе з такімі вынікамі можна смела несці дакументы ў прыёмную камісію, каб стаць афіцэрам або педагогам.

КХ

Топ-5 праблем беларускіх універсітэтаў

1. Нізкі прэстыж прафесіі выкладчыка

Праца выкладчыкаў, як і іншых бюджэтнікаў, у Беларусі аплочваецца паводле астаткавага прынцыпу. Суадносна, паводле астаткавага прынцыпу абітурыенты выбіраюць педагагічныя спецыяльнасці. Адсюль хранічны недабор і нізкі прахадны бал. У выніку маем выпускнікоў са слабым узроўнем ведаў і, як следства, якасць выкладання, якая падае з года ў год. Замкнёнае кола.

2. Нямэтавае выкарыстанне навучальных гадзін

Усім добра вядомая практыка: замест тых ці іншых заняткаў студэнты (часта на чале з выкладчыкам) у дабравольна-прымусовым парадку ідуць ствараць масавасць на хакей/парад/канцэрт, удзельнічаюць у суботніках і іншых дзяржаўных мерапрыемствах. Ці паспее выкладчык вычытаць праграму, мала каго хвалюе.

3. Дыплом «за заслугі перад ВНУ»

У кожным універсітэце ёсць студэнты, якіх практычна не бывае на парах. Але калі выкладчык аб’ектыўна не мае за што паставіць такому студэнту нават чацвёрку, яго выклікаюць у адміністрацыю і шматзначна кажуць: «Ну, вы ж разумееце…»

4. Платнікі, якія прыйшлі па «корачку»

Часты выпадак: поўная адсутнасць матывацыі да навучання і ведаў у галаве. Але ж ён плаціць грошы!.. І атрымлівае роўна такі самы дыплом, як яго аднагрупнік, які сумленна ўсё вучыў і здаваў.

5. Праграмы навучання

Альбо яны маральна састарэлыя, і студэнты вывучаюць прадмет па падручніках 50-гадовай даўніны, альбо настолькі новыя, што матэрыялаў па іх няма ў прынцыпе. За 3 гады выкладання профільнага прадмета ў мяне не было ніводнага падручніка, якім можна было б скарыстацца пры падрыхтоўцы да заняткаў – толькі напрацоўкі калег і свае ўласныя. Студэнты ў той час выдаткоўваюць вялізныя сумы на раздрукоўкі. Гэта, вядома, тычыцца не ўсіх прадметаў і не ўсіх вну, але з’ява ўсё ж распаўсюджаная.

Юлія Бальцэвіч, былая выкладчыца Лінгвістычнага ўніверсітэта

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0