Вядомы беларускі музыка, лідэр гурту «Крама» Ігар Варашкевіч гэтымі днямі завёў сабе блог на базе сэрвэру livejournal.

Цягам учорашняга дня Ігар Варашкевіч зрабіў у ЖЖ чатыры допісы. Першы зь іх, які прысьвячаўся сустрэчы рок‑музыкаў з ідэолягам Алегам Праляскоўскім, прыцягнуў найбольшую цікавасьць і увагу чытачоў. Варашкевіч піша : «А калі б мы прынесьлі з сабою каністру бэнзіну і падпалілі сябе у кабінэце Праляскоўскага — гэта б было добра?

Гэта б быў акт самаахвяраваньня?.. Напэўна, трэба было так і зрабіць. Каб нас не палівалі брудам людзі якія «б’юцца» за свабоду, седзячы у сваіх офісах і атрымліваючы за гэта грошы. Людзі, якія не могуць вывесьці на вуліцу 100 000 чалавек злуюцца і хочуць з нас зараз зрабіць крайніх. Брыдка гэта ўсе».

Таксама ў гэтым жа допісе зьмешчана карыкатура на добрапазнавальных музычных пэрсанажаў, якія гойдаюцца на шыбеніцы. На карціне подпіс: «Сьмерць прадацелям!!! Жівет Беларусь». Пост сабраў больш за 100 камэнтараў.

Варашкевіч абяцае: «Буду вучыцца друкаваць на кампутары. І дасылаць вам свае новыя малюнкі».

Ігар Варашкевіч не адзіны музыка, які вядзе блог. Жывыя журналы ўжо вядуць Лявон Вольскі (lvolski), Зьміцер Вайцюшкевіч (todar_vojt), Руся (_ghost_pulse_), Вячаслаў Корань (strider_first), Аляксандар Памідораў (tomat) і некаторыя іншыя музыкі.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?