Дарагія Суродзічы,

11‑га лістапада трыццаць тысяч Канадыйцаў сабраліся ў сталіцы Канады кругом помніка маладым змагаром, якія «ПАЙШЛІ ПАМІРАЦЬ ЗА НАШУЮ ВОЛЮ». Гэтыя словы былі на вуснах усіх прысутных. Шмат людзей плакалі. Увесь край з удзячнасьцю глядзеў як найвышэйшыя асабістасьці Канады і прадстаўнікі краінаў усяго сьвету клалі вянкі на магіле невядомага жаўнера Канады.

У лістападзе 1920 г у Беларусі нашыя слаўныя Случчакі таксама пайшлі паміраць — «ПАЙШЛІ ПАМІРАЦЬ, КАБ ЖЫЛА БАЦЬКАЎШЧЫНА». З гэтымі словамі, вышытымі на штандары, дзесяць тысяч змагароў, войска зьняможанай ужо бальшавікамі Беларускай Народнай Рэспублікі, узялі ў рукі зброю, каб бараніць свой народ ад новае няволі.

Рэспубліка Беларусь аднак ня будзе адзначаць гэтага гераічнага збройнага чыну. Толькі аднадумцы Случчакоў аддадуць ім чэсьць, як гэты мы робім ува ўсім сьвеце кожны год.

Дарагія Сябры, вітаю ўсіх Вас з слаўным чынам нашых Слуцкіх герояў. Ганаруся імі. Ганаруся сваім народам, які, абвясьціўшы незалежнасьць Беларусі пасьля доўгае няволі, знайшоў у сабе сілу і мужнасьць, каб бараніць сваю маладую дзяржаву.

Заклікаю ўсіх Вас належна адзначыць наш слаўны Дзень Герояў і з удзячнасьцю прыпомніць тых, хто пайшоў паміраць, каб жыла Бацькаўшчына.

Жыве Беларусь!

Івонка Сурвілла, Старшыня Рады БНР

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0