Жывая прэзентацыя музычнага праекту «Re:Песьняры» пройдзе ў клюбе Re:Public 12 верасня. З гэтай нагоды да цяперашняй красы і сілы беларускага року далучыцца беларускі дзяржаўны ансамбль «Песняры»!

Задума праекту «Re:Песняры» ў тым, каб паказаць наколькі паўплывала музыка «Песняроў» на новае пакаленне беларускіх музыкантаў. Таму ў ім бяруць удзел прадстаўнікі самых розных стыляў, ад джазу і авангарду да рэп-музыкі і індзі-року. У асноўным гэта гурты, якія пачалі працу ўжо ў новым стагоддзі. Падбор выканаўцаў невыпадковы ­– кожны з іх з'яўляецца не толькі вартым увагі і арыгінальным музыкам, але яшчэ і цікавай ды яскравай асобай, прадстаўнікамі культурнай эліты краіны. Яны не толькі музыканты, але разам з тым акторы, мастакі, паэты, педагогі, даследчыкі…

Кожны абраў тую песню, якую лічыць найбольш важнай для сябе. Akute пяюць «Алесю», Pomidor/off – «Скрыпяць мае лапці», Зміцер Вайцюшкевіч – «Вераніку». Поўны трэк ліст праекту можна паглядзець тут.

У вялікім канцэрце «Re:Песняры» возьмуць ўдзел гурты Tonqixod, Pomidor/off, Сяргей Пукст, Naka, Зміцер Вайцюшкевіч, Akute, а таксама БДА «Песняры».

Своеасаблівым лэйтматывам праекту стала песня «Думалі», якую выконвае дуэт SP Kava&Angst. Менавіта яна гучыць у прома-роліку аўтарства рэжысэра Арцёма Лобача.

«Трэк «Думалі» – гэта ліст ад прадстаўнікоў сённяшняга пакалення — і Ўладзіміру Мулявіну, і Янку Купалу. Ліст пра час, у якім мы жывем, чым мы жывем і пра тое, якія мы самі.

За рытмічную аснову ўзятае зашыфраванае ў купалаўскім вершы асананснае слова «думалі», што ўтвараецца на стыку словаў у радку «Я буДУ МАЛІцца і сэрцам і думамі». Менавіта ў гэтым і быў пабачаны ключ да пэўнай спробы дыягназу пакаленню: вялікая колькасць магчымасцяў і спосабаў існавання і ў якасці ключа — малітва за будучыню Беларусі», – кажуць аўтары твору.

Праект «Re:Песьняры» прадстаўляюць інтэрнэт-партал Tuzin.fm, фонд «Вяртаньне» і грамадзкая кампанія «Будзьма беларусамі!».

Прэм'ера праекту «Re:Песняры» да 45-годдзя «Песняроў» адбудзецца 12 верасня (пятніца) у клубе «Re:Public»

(вул.Прытыцкага, 62, ст.м.»Кунцаўшчына»). Пачатак а 18.00. Выступяць: Tonqixod, Naka, Pomidor/off, Сяргей Пукст, Зміцер Вайцюшкевіч, Akute. Пры ўдзеле беларускага дзяржаўнага ансамблю «Песняры». Цана квіткоў: 100 000 (танцпляц, папярэдне), 130 000 (столікі, папярэдне), у дзень канцэрту – 120 000 (танцпляц), 150 000 (столікі). Даведкі па т.: 375 (29) 6872093.

Ад 5 жніўня квіткі папярэдне можна набыць анлайн

на сайце Kvitki.by (танцпляц і столікі) і на сайце клюба Re:Public (толькі танцпляц). З 6 жніўня квіткі на канцэрт даступныя ў касах квіткоў па ўсёй краіне і ў касе клуба Re:Public.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0