Беларускія кампаніі сталі лідарамі па колькасці новых працоўных месцаў, створаных у першай палове 2014 года ў IT-індустрыі Украіны.

Па дадзеных рэсурса супольнасці ўкраінскіх праграмістаў DOU.ua нягледзячы на палітычны і эканамічны крызіс у краіне, IT-сектар Украіны працягваў расці. Дапамаглі яму ў гэтым і беларускія інвестары, якія актыўна стваралі ў першым паўгоддзі новыя працоўныя месцы.

Па колькасці спецыялістаў, якія працуюць ва Украіне, EPAM Systems захаваў трэцяе месца за дачкой расійскага Luxoft і мясцовай кампаніяй Softserve. У пяці офісах, два з якіх размешчаныя ў непасрэднай блізкасці да тэатра ваенных дзеянняў (у Вінніцы, Днепрапятроўску, Кіеве, Львове, Харкаве), колькасць супрацоўнікаў склала 3300 чалавек. З пачатку года па жнівень рост склаў 270 чалавек. І гэта самы вялікі прырост сярод 25 найбуйнейшых кампаній украінскага IT-сектара.

На тры месцы (на 17-ы радок) у параўнанні з пачаткам года падняўся па колькасці створаных працоўных месцаў Wargaming. У яшчэ адной беларускай кампаніі ва Украіне сёння два офісы распрацовак — у Кіеве і Харкаве. У іх працуюць 524 чалавекі. З пачатку года колькасць супрацоўнікаў вырасла на 104 праграмісты.

Па-за топ-25 засталіся беларускія кампаніі, якія таксама маюць офісы ва Украіне. Гэта — Intetics (у Харкаве і Кіеве), IBA Group — (у Кіеве), SaM Solutions — (у Днепрапятроўску).

Усяго на 25 найбуйнейшых прадпрыемствах украінскай IT-індустрыі было занята 27.862 чалавекі. За паўгода іх колькасць вырасла на 1363 супрацоўнікі.

Чатыры кампаніі маюць офісы ў Данецку і Луганску. Гэта — Ciklum (4-е месца) і Miratech (10) — у Данецку, Infopulse (7) і SyslQ (23) — у Луганску. У распрацоўніка ISD (12-е месца) два з шасці офісаў размешчаныя на тэрыторыі Крыма — у Севастопалі і Ялце.

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?