«Наша Ніва»: Беларусі атрымаецца надалей заставацца нейтральнай у расійска-ўкраінскім канфлікце?

Сяргей Мусіенка: Мастацтва дыпламатыі. Мастацтва знаходжання балансу — гэта заўсёды цяжка. Але ёсць такія краіны — Швейцарыя, Швецыя. Мы вытрымалі даволі працяглы час гэты баланс.

Для мяне характэрным было тое, што спачатку расійскія каналы пачалі кпіць з гэтых перамоваў. А пасля было кароткае паведамленне пра размовы Абамы і Пуціна, дзе яны станоўча ацанілі перамовы ў Мінску і вырашылі гэты фармат працягваць. Адразу танальнасць расійскіх тэлеканалаў змянілася.

Гэтыя перамовы праходзілі больш пад эгідай АБСЕ. Тут не выступае ні беларускі бок, ні расійскі, ні ўкраінскі. Там абмяркоўваюць пытанні калідораў на месцы крушэння «Боінга», абмену закладнікаў. Нават калі аднаго чалавека абмяняюць — дзякуй Богу. Ідзе цяжкі дыялог.

«НН»: А чаму Лукашэнка асабіста не бярэ ўдзел у перамовах?

СМ: Яшчэ дваццаць гадоў таму ён бы ўзяў усё ў свае рукі. Дваццаць гадоў таму яго палітыка часта дыктавалася імгненнымі імпульсамі, а цяпер ён узважаны і асцярожны палітык. Ён ніколі не пойдзе на гэта рэзка, не разумеючы правадных спружын, якія рухаюць гэтыя працэсы. І ўлазіць без гэтага разумення небяспечна.

«НН»: Тое, што пляцоўкай абраная Беларусь — краіна, якая выступае за цэласнасць Украіны, — выпадкова ці не?

СМ: Безумоўна, гэта нешта значыць. Дзе яшчэ Украіна магла б весці такія перамовы? Малдова са сваім Прыднястроўем? Не. Польшча, ад якой ідуць пагрозы ў бок Расіі? Нават Літва — не. Патрэбная краіна, якая трымаецца нейтральнай пазіцыі. Калі размова ідзе ў Брусэлі, то патрэбен перакладчык. А размаўляць праз перакладчыка на такія пікантныя тэмы, як абмен закладнікаў, няправільна.

«НН»: Беларуская пазіцыя «абы не было вайны» дапамагае ў гэтых перамовах?

СМ: Канечне, мы на сябе экстрапалюем гэтыя ўкраінскія падзеі. Цяжка знайсці беларуса, у якога няма сяброў, сваякоў, саслужбоўцаў ва Украіне, ці людзей, якія б там не адпачывалі. Калі мы глядзелі на канфлікт у Сірыі, то думалі, што не зусім іх разумеем. Але калі славяне разбураюць гарады, знішчаюць людзей, то мы думаем: «А чым мы іншыя?» Спыніць канфлікт ва Украіне — жыццёвая неабходнасць для Беларусі. Калі гэта ўспалыхне і куды прарвецца — вялікае пытанне. Але мала не здасца нікому.

«НН»: Калі паміж Украінай і Расіяй пачнецца адкрытая вайна, што будзе рабіць Беларусь?

СМ: Для таго мы і ладзім перамовы, каб не пачалася вайна.

«НН»: Вам не здаецца, што Лукашэнка і большасць насельніцтва краіны займаюць розныя пазіцыі ў канфлікце?

СМ: З чаго Вы гэта ўзялі?

«НН»: З уласных назіранняў. Людзі падтрымліваюць Расію.

СМ: Вы трапляеце ў пастку малой групы. Вам здаецца, што людзі, якія гавораць у тралейбусе ці дзе яшчэ, усе так настроены. Ды не факт! Магчыма, чалавек, калі выказваецца за Расію, хоча пачуць вашы контраргументы, вас правакуе. Той жа Радаслаў Сікорскі прызнае, што пазіцыя Беларусі правільная. І Літва.

Інфармацыйнае поле, створанае тэлеканаламі Расійскай Федэрацыі, канечне, дамінуе ў нас. Агульны тыраж расійскіх цэнтральных газет большы за тыраж беларускіх. І ствараецца ўражанне, што, спажываючы гэтую прадукцыю, людзі становяцца на бок Расіі. Але часта здараецца, што ад лішку гэтай інфармацыі людзі пачынаюць задумваюцца і глядзяць скептычна на гэтыя расійскія СМІ.

«НН»: Але вы лічыце праблемай засілле расійскай прадукцыяй інфармацыйнай прасторы Беларусі?

СМ: Безумоўна, гэтае пытанне трэба вырашаць. Такі ціск, такая перавага. Я, дарэчы, прыхільнік таго, каб у нашых кабельных сетках былі ўкраінскія тэлеканалы. Людзі маглі супаставіць расійскае асвятленне, украінскае, беларускае.

«НН»: Ёсць меркаванне, што пазіцыя Лукашэнкі па Украіне можа яму гукнуцца на наступных прэзідэнцкіх выбарах. І Расія паспрабуе расхістаць тут сітуацыю?

СМ: Цалкам магчыма. А калі каму падабалася незалежная палітыка? Хоць амерыканцам, хоць англічанам, хоць рускім. Канечне, лепш паставіць праверанага стаўленіка, генерала ці палкоўніка з беларускім пашпартам у кішэні. Гэта зразумела, ручное кіраванне. Але мне здаецца, што ўсё менш у нас становіцца людзей, гатовых на гэта пайсці. А спроба можа быць, я не выключаю.

Але ёсць і адваротны момант. Расія можа зразумець, што наша пазіцыя больш канструктыўная. І тая самая мінская пляцоўка для перамоваў без згоды Расіі і ЗША не была б магчымай.

* * *

Сяргей Мусіенканарадзіўся ў 1964 ва Умані Чаркаскай вобласці (Украіна). З 2003 узначальвае аналітычны цэнтр ECOOM. Суаўтар кнігі «Куды ідзём? Беларусь, Расія, Украіна».

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?