Пасля гучнай палемікі аматараў вышыванак і іх праціўнікаў мы вырашылі пагутарыць з тымі, хто ўласна вырабляе вышыванкі.

Гэтым летам «апошнім піскам» сталі вышыванкі, прычым адразу ад некалькіх вырабнікоў. Аздобленыя чырвонымі ромбікамі кашулі, як высветлілася, выклікалі пачуцце гонару ў адной часткі грамадства і ледзь не абурэнне ў іншай. Стылізаваная вопратка з нацыянальным арнаментам нечакана ператварылася ў той самы камень перапоны, які, на думку адной публічнай асобы, перагароджвае пэўнай частцы беларусаў шлях у Еўропу.

«Мы хочам спалучыць сучаснаснае адзенне з беларускімі традыцыямі»

Карына Адзесенка, Honar

«Мы робім сучаснае беларускае адзенне, і гэта не зусім вышыванкі ў класічным разуменні», —прызнаецца дзяўчына.

Летась яна разам з мужам стварыла брэнд пад назвай «Honar». Спачатку выпускалі вязаныя торбы з сімвалам кахання, падкрэслівае Карына, потым швэдары, а затым прыйшлі да кашуль, цішотак і саколак. Сярод іх — і вышыванкі.

«Мы хочам спалучыць сучаснае адзенне з беларускімі традыцыямі, — кажа Карына. — Сэнс не ў вышыванках. Сэнс у пачуцці гонару і годнасці ў беларусаў за сваё. Мы рады ўсім, хто займаецца развіццём беларускіх традыцый і культуры, у тым ліку і культуры адзення».

Пры гэтым з тэорыяй падзелу на «Беларусь вышываначную» і «Беларусь еўрапейскую» Карына не згодна.

«Хай гарадскія здымаюць сваю сялянскую вопратку і носяць адзенне «Honar», — смяецца яна.

Але ж да спрэчак і абурэнняў дзяўчына ставіцца спакойна. На яе думку, шум вакол вышыванак працуе на папулярызацыю беларускіх традыцый. Ды і сама яна пераапранацца не збіраецца.

«Мы імкнемся рабіць так, каб наш брэнд быў даступным і пры гэтым трымаў высокую планку якасці. Напрыклад, узор для нас вельмі важны. Мы не хочам, каб беларусы насілі адзенне з пахавальным арнаментам. Для мужчын мы падбіраем арнаменты, якія сімвалізуюць мужнасць, а для жанчын — прыгажосць, каханне, — кажа Карына. — І, безумоўна, мы і самі носім тое адзенне, якое робім».

«Вышыванкі нас кансалідуюць і аб’ядноўваць, набліжаюць да Заходняй Еўропы»

Франак Вячорка, радыё «Свабода», Арт-Сядзіба

Па словах Францішка, традыцыйныя вышыванкі ў яго і кожнага з членаў сям’і былі заўсёды. А да вытворчасці маек з прынтамі ён прыйшоў вельмі проста: заўважыўшы, што ў людзей з’явілася вострае жаданне абазначаць сябе беларусамі. Сродкаў жа для гэтага ў нашай краіне не так шмат.

«Са сцягам не паходзіш, значкоў і налепак на вуліцах не ўбачыш. Вышыванка і нацыянальны арнамент лёгка прачытваецца і не выклікае рэпрэсіяў з боку ўлады, — кажа Вячорка. — А купіць традыцыйную вышыванку — дорага, не кожнаму даступна, ды і не заўжды зручна. Таму і з’явілася ідэя зрабіць майкі з шаўкаграфіяй. Мы, радыё «Свабода» і Арт-Сядзіба, хуценька зарганізаваліся і надрукавалі наклад, і вось ужо 300 маек разышліся на ўра, за тыдзень».

Па вялікім рахунку, майкі з прынтом і сапраўдныя вышыванкі — рэчы зусім розныя. Але Вячорка не бачыць у гэтым вялікай праблемы.

«Вядома, майка «Свабода Арт» не вышытая, гэта шаўкаграфія, прынт на тканіне. Сапраўдная вышытая кашуля каштуе мінімум 150 даляраў, а ў нас гэта стылізацыя вышыванкі. Але я заўважыў, што цяпер значэнне слова «вышыванка» пашырылася, вышыванкай называюць адзенне з нацыянальным арнаментам, нават магніты з арнаментам называюць вышыванкай. І няхай, —паведамляе Францішак. — Наогул, добра, што вышыванка перастала быць святочным адзеннем, а становіцца проста побытавым. І нічога дрэннага, што вышыванкай называюць майку з прынтом —гэта толькі пашырае значэнне слова, а разам з ім —і прастору беларушчыны».

Ніякай камерцыйнай задумкі не было, сцвярджае Вячорка, а першы наклад яго вышыванак быў выпушчаны напярэдадні 27 ліпеня з мэтай нагадаць беларусам, што яны менавіта беларусы, і даць магчымасць гэта абазначыць. Але Францішак зусім не супраць, што іншыя спрабуюць на гэтым зарабіць. Наадварот, упэўнены ён, беларушчына тады будзе моцная, калі людзі будуць гатовыя на яе выдаткоўваць уласныя грошы, калі беларусы будуць самі фінансаваць беларускае.

«Чым больш будзе такіх ініцыятываў, чым большая канкурэнцыя, тым лепш. Яшчэ лепш, каб нехта ўклаў сур’ёзныя грошы і вырабіў дзясяткі тысячаў такіх маек, каб іх сабекошт яшчэ зменшыўся», — кажа Вячорка.

Сёння вышыванка набыла новую моц, новую сімвалічную значнасць, лічыць Францішак. І сённяшнюю цікавасць да нацыянальнай вопраткі нельга параўноўваць нават з 90-мі, калі кашулямі з арнаментам былі заваленыя ГУМы і ЦУМы, а ў бальшыні яны асацыявалася з народнымі ансамблямі песні і танца.

«Цяпер вышыванка і яе модныя сучасныя інтэрпрэтацыі паказваюць на еўрапейскасць беларусаў, адрозніваюць нас ад расейцаў, яны нас кансалідуюць і аб’ядноўваць, набліжаюць да Заходняй Еўропы, — падкрэслівае Вячорка. — Многія заходнія брэнды выкарыстоўваюць каларыт нацыянальнага адзення ў сваіх калекцыях. Таму мы тут не прапануем нічога новага, проста падхопліваем трэнд. І далей гэты трэнд будзе толькі ўзмацняцца».

«Думаем запрасіць Бахарэвіча прарэкламаваць вышыванкі»

Ілля Аксёнаў, LSTR-адзенне

 «Вышыванка, як мне падаецца, магла б стаць беларускім трэндам. Калі на вуліцы было б дастаткова людзей у вышыванках, гэта б стварала годную нацыянальную атмасферу», —кажа Ілля Аксёнаў — заснавальнік вядомага беларускага брэнда LSTR. Яго рэчы характарызуюцца гістарычна-патрыятычнымі матывамі і выходзяць маленькімі накладамі. Нярэдка ў суполцы брэнда можна пачуць стогны тых, хто не паспеў набыць новую худзі ці ўжо не першы месяц чакае чарговы выпуск цішотак.

«Ідэя з вышыванкамі ўзнікла даўно, аднак у сілу некаторых абставін рэалізоўвацца пачала толькі ў маі. Пакуль мы пашылі толькі пробную партыю, якая была распрададзеная за лічаныя гадзіны, прычым у нас лёг сайт, — расказвае Ілля. — У самы блізкі час плануем разрадзіцца ўжо даволі сур’ёзнай партыяй, якая шыецца. Будуць розныя варыянты арнаменту, зробім варыянт з доўгім рукавом, а таксама абавязкова жаночыя».

А звярнуцца да вышыванак Аксёнава натхнілі ўкраінцы, у якіх кашулі з нацыянальным арнаментам — рэч даўно ўжо звыклая.

Да выказванняў Бахарэвіча Аксёнаў ставіцца вельмі спакойна — кожны мае права на ўласнае меркаванне — і кажа, што правакацыя пісьменніку ўдалася вельмі добра. Дарэчы, LSTR нават планавалі запрасіць Бахарэвіча стаць мадэллю для вышыванак, каб трохі патроліць грамадскасць, але потым ад гэтай задумкі вырашылі ўсё ж адмовіцца.

«Наогул, мы займаемся трыкатажам і вулічным адзеннем, таму зрабіць вышыванкі для нас было нязвыкла. Аднак мэтай іх стварэння былі ніяк не грошы, —падкрэслівае Ілля. — Вядома, мне, як прадпрымальніку, прыемна, што брэнд расце і набывае папулярнасць. І грошы, безумоўна, граюць вялікую ролю, але не ў маім асабістым узбагачэнні, а ў развіцці LSTR».

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?