Украінская Міжведамасная камісія па міжнародным гандлі (МКМГ) прыняла рашэнне адмяніць з 19 жніўня спагнанне спецыяльных пошлін на шэраг тавараў з Беларусі, якія былі ўведзеныя Украінай у адказ на ўвядзенне Беларуссю ліцэнзавання шэрагу тавараў, што ўвозяцца з-за межаў Мытнага саюза. МКМГ расцэньвала тыя беларускія рашэнні як дыскрымінацыйныя.
Чакаецца, што паведамленне аб прынятым рашэнні будзе апублікаванае ў газеце «Урядовый кур'ер» 8 жніўня, перадае Інтэрфакс-Украіна.
Паводле паведамлення, Мінэканамразвіцця Украіны разлічвае, што Рэспублікай Беларусь у бліжэйшы час не будзе ажыццяўляць ліцэнзаванне ўкраінскіх кандытарскіх вырабаў і сыравіны для іх вытворчасці, асобных відаў макаронных вырабаў, піва соладавага, цэменту, шкла паліраванага і шклатары.
«Разам з тым вельмі важна, каб беларускі бок забяспечыў адмену пагадненняў аб пастаўках тавараў, якімі вызначаюцца цэнавыя і колькасныя абмежаванні, заключаныя паміж украінскімі экспарцёрамі і дзяржорганамі Рэспублікі Беларусь», — адзначаецца ў паведамленні.
Але, адначасова з прыняццем гэтага рашэння міжведамаснай камісіі па міжнародным гандлі, прадугледжана, што
спецыяльная пошліна можа быць адноўленая да 31 снежня 2016 года па заяве ўкраінскіх вытворцаў-экспарцёраў у выпадку наяўнасці факту дыскрымінацыйных дзеянняў з боку Беларусі.
«Такі алгарытм дзеянняў бакоў забяспечыць у сціслыя тэрміны зняць гандлёвыя бар'еры ў гандлі паміж нашымі краінамі і няўхільна выканваць Дамову аб зоне свабоднага гандлю СНД ад 18 кастрычніка 2011 года», — падкрэсліваецца ў паведамленні.
Нагадаем, 1 мая Беларусь ўвяла ліцэнзаванне імпарту піва з-за межаў МC. 1 чэрвеня — ліцэнзаванне імпарту асобных відаў макаронных вырабаў, а таксама кандытарскіх вырабаў і сыравіны для іх вытворчасці з-за межаў МС, з умовай папярэдняга падпісання пагадненняў аб мінімальных цэнах з канцэрнам «Белдзяржхарчпрам».
У сярэдзіне ліпеня Украіна ўвяла пошліны на беларускія малочную прадукцыю, кандытарскія вырабы, піва, электралямпы напальвання, ўгнаенні, шыны, халадзільнікі.
24 ліпеня Беларусь адмяніла ліцэнзаванне імпарту некаторых тавараў з краін СНД з агаворкай: у гэтых краінах не павінны выкарыстоўвацца абмежаванні ў дачыненні да беларускай прадукцыі.