Заўтра ў канцэртнай залі «Менск» а 10-й пачнецца 19-ты справаздачна‑выбарчы зьезд Саюзу мастакоў Беларусі. Старшыня Саюзу Ўладзімер Басалыга будзе вымушаны саступіць сваю пасаду, бо займае яе ўжо цягам двух тэрмінаў. Трэці не прадугледжваецца статутам арганізацыі.

Сябар творчай суполкі «Пагоня» мастак Алесь Марачкін занепакоены, што зьезд будзе насіць «тусовачны» характар.

«На мінулых зьездах квота ўдзельнікаў была наступнай: адзін дэлегат ад трох сяброў Саюзу, сёньня — адзін ад пяці. Робіцца гэта ў той час, калі колькасьць сяброў арганізацыі пастаянна расьце. Скарачаецца час зьезду: калі ён раней праходзіў цягам двух дзён, то цяпер толькі адзін. Сёньняшняе кіраўніцтва не перастае ставіць сабе ў заслугу, што Саюз мастакоў не разваліўся, як многія іншыя творчыя арганізацыі. Разам з тым не заўважаюцца відавочныя праблемы. У Палацы мастацтваў — найбольшай выставачнай залі краіны — не працуе ніводны мастацтвазнаўца. Некаторым мастакам няма дзе выставіць свае творы. Згадваецца, як перад наведваньнем Лукашэнкам новай прыбудовы Нацыянальнага мастацкага музэю з экспазыцыі зьнялі багата твораў. Нас спрабуюць зноў загнаць у рэзэрвацыю мінулага часу. Сёньня нельга творцаў дзяліць на «сваіх» і «чужых», бо гэта ня мае пэрспэктываў. Нядаўняя сустрэча Праляскоўскага з рок‑музыкамі толькі пацьвердзіла гэта». — сказаў А. Марачкін.

Адносна выбараў новага старшыні, то А. Марачкіна насьцярожвае вялікая колькасьць сярод прэтэндэнтаў скульптараў. «На пасаду старшыні будуць балятавацца скульптары Аляксандар Дранец, Генадзь Буралкін, Аляксандар Фінскі. Гэта мяне адкрыта непакоіць. Спадзяюся, што годную канкурэнцыю ім складзе паважаны прафэсар Уладзімер Савіч. Думаю, што акурат паміж Савічам і Дранцом і разгорнецца асноўная барацьба за старшынства. Усяго на гэтае крэсла будзе прэтэндаваць каля чатырнаццаці кандыдатаў», — кажа мастак.

Уладзімер Басалыга адносна зьезду выказаўся так:

«Прыйшоў час зьмены пакаленьняў. Мне ўжо 67 гадоў, трэба саступаць дарогу маладзейшым. Напэўна, што з прыходам новага пакаленьне ў кіраўніцтва Саюзу зьменяцца яго задачы і погляды. Генадзь Буралкін, Аляксандар Дранец, Аляксандар Фінскі, Уладзімер Савіч, Сяржук Цімохаў — усе яны змогуць годна замяніць мяне. Нам ёсьць чым ганарыцца. Беларусь мае сапраўды добрых мастакоў, якія неаднаразова рабіліся ляўрэатамі розных міжнародных прэмій».

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?