Бела‑чырвона‑белы сьцяг зьявіўся а 10‑й вечара недалёка ад будынка абласной бібліятэкі па вуліцы Леніна. За тыя паўгадзіны, пакуль не прыехала міліцыя, яго маглі бачыць сотні мінакоў.
Сьледам за першай міліцэйскай машынай пад’ехалі яшчэ некалькі — з байцамі спэцназу, якія адразу ж пайшлі патруляваць бліжэйшыя двары.
Некалькі спэцназаўцаў засталіся вартаваць падыходы да бібліятэкі. Яшчэ двое скіраваліся сьледам за незалежнымі журналістамі, якія прыехалі на месца здарэньня, і пэўны час адсочвалі ўсе іхныя перасоўваньні з адлегласьці ў дзясятак крокаў.
Яшчэ праз колькі часу каля бібліятэкі зьявілася пажарная машына з лесьвіцай. Пакуль супрацоўнікі МНС дабіраліся да сьцяга, старэйшы віцебскі апазыцыянэр Барыс Хамайда пасьпеў распавесьці вядомыя яму падрабязнасьці пра чарговы ўчынак няўлоўнага Мірона:
«З крыніц, вартых даверу, я даведаўся, што бела‑чырвона‑белы сьцяг залунаў недалёка ад абласной бібліятэкі. З тых самых крыніц мне стала вядома, што да сьцяга прымацавана цыдулка са словамі:
«Слава і вечная памяць героям Слуцкага збройнага чыну!» І подпіс: «Мірон»
Калі я прыехаў на гэтае месца, я сапраўды ўбачыў сьцяг, было шмат міліцыі. Магчыма, яны шукалі Мірона. Сьцяг правісеў недзе хвілін 45, потым пад’ехала пажарная машына, і яго зьнялі»,— сказаў спадар Хамайда.Міліцыянты забралі бела‑чырвона‑белы сьцяг з сабою ды зьехалі. Легендарнага Мірона, які вывешвае нацыянальныя сьцягі ў самых цяжка даступных месцах, адшукаць ды затрымаць ім не ўдалося й гэтым разам.