Сяргей Касьцян

Як стала вядома Еўрарадыё, яшчэ на восеньскай сесіі дэпутаты Палаты прадстаўнікоў плануюць разгледзець прапанову дэпутата Сяргея Касцяна аб пазбаўленні дырэктароў заводаў і прадпрыемстваў адказнасці за здзейсненыя эканамічныя злачынствы. Прапанова «народнага» абранніка тычыцца не толькі тых, хто ўжо адбывае пакаранне ў месцах зняволення. Ён мяркуе не прымяняць крымінальнай адказнасці да прадстаўнікоў вышэйшага наменклатурнага звяна ўвогуле.

На думку дэпутата, больш карысці дзяржаве будзе, калі яны не будуць марнаваць час за кратамі на поўным забеспячэнні, а працаваць па спецыяльнасці. І такім чынам кампенсаваць краіне нанесеныя страты. Касцян лічыць, што толку ад дырэктароў, да прыкладу, на «зонаўскай» лесапільні будзе няшмат.

Сяргей Касцян: «У нас ёсць шэраг кіраўнікоў, якія сядзяць ад 6 да 10 гадоў, дырэктары заводаў і фабрык, якія сядзяць за нанесеныя страты дзяржаве. Каб гэты здаровы, разумны, здольны чалавек не сядзеў за кратамі, каб яго там утрымліваць, карміць, апранаць, бо не ўсе яны здольныя працаваць на вытворчасці, а каб ён знаходзіўся ў сям’і і працаваў на любой іншай працы. Працаваў і кампенсаваў страты дзяржаве».

Па словах дэпутата, дзяржаве ад такога рашэння будуць адныя выгоды: чалавек не ламаецца псіхалагічна, мае магчымасць апраўдацца перад грамадствам, кампенсаваць дзяржаве страты і пазбавіць выдаткаў на яго ўтрыманне і ахову. Такіх V.I.P‑зняволеных, кажа Касцян, дзесяткі. Страты растуць. І таму яго прапанову дэпутаты разгледзяць яшчэ на восеньскай сесіі. Пасля чаго, спадзяецца дэпутат, ранейшыя прысуды будуць пераглядаць і выпускаць дырэктароў на волю.

Сяргей Касцян: «Мы ўжо зараз, на гэтай сесіі ўнясем гэтую папраўку ў Закон. Думаю, што пасля Новага года пачнецца перагляд усіх гэтых спраў. Будуць задняй датай адмяняць прынятыя рашэнні».

Палітолаг Раман Якаўлеўскі лічыць прапанову дэпутата папулісцкай і не раіць звяртаць на яе ўвагу.

Раман Якаўлеўскі: «На мой погляд, гэта нонсэнс. Павінна быць роўнасць перад законам усіх грамадзян. Не можа такога быць, што дырэктара не могуць пасадзіць, а іншага грамадзяніна могуць. Таму я стаўляюся да сказанага з гумарам, аддаючы даніну фантазіям таварыша Касцяна».

Па‑іншаму ставіцца да ініцыятывы дэпутата эканаміст Леанід Заіка. На яго думку, нельга саджаць чалавека з фармулёўкай «эканамічнае злачынства». Ёсць махлярства альбо крадзеж. У нас жа, кажа, «эканамічнымі злачынствамі» называюць спробу дырэктара зарабіць грошы для свайго прадпрыемства і сябе.

Леанід Заіка: «Дырэктары вымушаныя ў такіх нярынкавых умовах прыдумляць розныя схемы і эканамічныя прыватныя мадэлі, па якіх яны і іх прадпрыемствы маглі б зарабляць грошы».

На думку эканаміста, у турме зараз сядзяць людзі, якія ўмеюць зарабляць грошы. І ў сённяшнім складаным эканамічным становішчы, у якім апынулася Беларусь у многім дзякуючы павышэнню коштаў на расійскія газ і нафту, толькі яны могуць выратаваць краіну. Таму іх не толькі можна, але і трэба выпусціць на волю. Іншая справа — як яны будуць працаваць і ці не захочуць адпомсціць уладзе за праведзеныя за кратамі гады.

Леанід Заіка: «Можна выпусціць? Канешне, можна, і нават неабходна. Як яны будуць працаваць — гэта ўжо пытанне другое. Прайшоўшы такую школу жыцця, гэтыя дырэктары, я мяркую, змогуць паспяхова зрабіць наменклатурную прыватызацыю. У якасці помсты сённяшняй уладзе. Каб пакінуць без штаноў кіруючую ўладу. А там проста зрабіць: грошы перагнаць — і ўсё, распрануць прадпрыемства. Пакінуць адны жалязякі, і няхай скача вакол іх Адміністрацыя прэзідэнта і прэм’ер‑міністр Сідорскі».

Паводле: Зміцер Панямонаў, Еўрапейскае радыё для Беларусі

Фота photo.bymedia.net

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0