Кампанія Lenovo, адзін з сусветных лідараў у вытворчасці персанальных камп`ютараў, адкрывае ў Беларусі афіцыйнае прадстаўніцтва. 

Як паведамілі у прэс-службе кампаніі, прадстаўніцтва запрацуе восенню і размесціцца непадалёк ад цэнтра Мінска ў бізнес-цэнтры «Норд Сіці». Рэгіянальным прадстаўніком у Беларусі будзе Аляксандр Вініцкі. Гэтым крокам кампанія разлічвае значна ўзмацніць уплыў на беларускім рынку планшэтаў і смартфонаў, а таксама будзе весці свой бізнес незалежна ад украінскага офіса, як гэта было раней. 

Кіраўнік прадстаўніцтва Lenovo ва Украіне Чжоу Вэй Цзянь заяўляе аб намеры кампаніі стаць лідарам у Беларусі па продажы планшэтаў і смартфонаў. Нягледзячы на тое што афіцыйныя продажы гэтых прылад у краіне стартавалі вясной, гэтую мэту ён лічыць дасягальнай ужо ў найбліжэйшай будучыні. 

У кампаніі Lenovo таксама заяўляюць аб намеры выйсці на беларускі рынак тэлевізараў, падкрэсліваючы, што раней гэта было немагчыма з-за высокага кошту прылад, які мог адпудзіць спажыўца.Не выключаюць таксама з`яўлення ў Беларусі «разумных акуляраў». 

Lenovo — тэхналагічная кампанія з капіталізацыяй 34 млрд. долараў ЗША, найбуйнейшы вытворца персанальных камп`ютараў у свеце, чыя прадукцыя прадстаўлена больш чым у 160 краінах. Кампанія, утвораная ў 1984 годзе, атрымала ў 2003 годзе імя Lenovo, а ў 2005 годзе набыла падраздзяленне па вытворчасці персанальных камп`ютараў IBM. 

Штаб-кватэра кампаніі Lenovo размешчана ў Перчэйзе (штат Нью-Ёрк, ЗША), а асноўныя аперацыйныя офісы — у Пекіне і Ролі (штат Паўночная Караліна, ЗША).

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?