Субота, дык паразважаю паміж мыцьцём унітаза і джазам у Старым горадзе.

Мой наймалодшы брат заўжды невясёлы, хаця звонку яго жыцьцё выглядае цалкам файным (каб не сурочыць). Выпівалі мы надоечы зь ім пад яблыняй, і я ў яго пытаюся: «Які твой пераважны настрой у жыцьці, калі чэсна браць ад самога пачатку?»

«Херовы», — адказвае.

«Отож», — кажу я, бо даўно адчытала, што ў яго ўнутры або дождж або геенна. Як і ў мяне.

Мне заўжды здавалася нармальным і адэкватным мець крыху хераваты настрой (адпаведна зь якасьцю навакольнага асяродку), і прыцягвалі невясёлыя складаныя людзі з рэзкім гумарам.

У Амэрыцы я знайшла крыху іншую грамадскую норму. Ня тое каб там быў рай нябёсны, о не! Але там норма быць здаровым, спакойным, вясёлым і сустракаць нягоды ў вострым стане, і быць стойкім ды бадзёрым, і, калі трэба, карыстацца пігулкамі і дактарамі для выпраўленьня настрою.

Раней я адвяргала хімічнае шчасьце на карысьць нармальнай, здаровай панурасьці, а цяпер усё часьцей думаю: ніхто ж не адмовіцца ад пралкі з мыйняю дзеля шараваньня коўдраў і гаршчкоў ля калодзежа? Дык ці ня варта кіраваць і сваім настроем, працаздольнасьцю, душэўным станам? Спорт-дыета, а калі не дапамагае — пігулкі? Аднак сацыякультурныя ўзоры змрочнай, складанай Эўропы замінаюць выбраць сонечны бок, і так мы з братам будзем вагацца, як біты баромэтар.

Зрэшты, яўна тыя ж мукі адчуваюць мільёны маіх суайчыньнікаў, якія таксама выбралі штучнае шчасьце і штучнае нахненьне, але неэфэктыўнае — алкагольнае. Алкагольнае шчасьце падобна шчыгрынавай скуры.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?