Адыход Лукашэнкі ў цень адразу пасьля выбараў нарадзіў хвалю чутак і вэрсіяў. Удзел у гэтым прымаюць палітыкі, айчынныя і замежныя журналісты, а таксама абываталі. Распаўсюду чутак не ў апошнюю чаргу спрыяе стан незалежнай прэсы (фактычна – яе адсутнасьць) і татальная падкантрольнасьць дзяржаўных СМІ.

Першымі на адсутнасьць прэзыдэнта ў этэры дзяржтэлебачаньня і на перадавіцах афіцыйных газэтаў зьвярнулі ўвагу інтэрнэт-выданьні. Было заўважана, што пасьля прэс-канфэрэнцыі, прысьвечанай ашаламляльнаму пераабраньню Лукашэнкі на трэці тэрмін, ён фактычна не зьяўляўся ў СМІ восем дзён. Потым быля заява прэзыдэнта пра пераход да эканамічных формаў кіраваньня, з адначасовай адмовай ад камандна-адміністратыўнага стылю і праяваў важдзізму (чыноўнікам настойліва параілі паздымаць партрэты Лукашэнкі са сьценаў кабінэтаў). Аднак ужо на наступны дзень папаўзлі чуткі, што БТ, асьвятляючы заявы Лукашэнкі, паказала састарэлую «карцінку», дадтаваную сьнежнем мінулага году. Гэта нарадзіла новую порцыю чутак і меркаваньняў. Зьявілася думка, што Лукашэнка цяжка хворы, альбо ўвогуле памёр. Заява Цэнтарвыбаркаму пра перанос даты інаўгурацыі прэзыдэнта толькі падагрэла жарсьці.

Беларуская апазыцыя ў асобе Аляксандра Мілінкевіча прапанавала сваё бачаньне на нязвыкла працяглую адсутнасьць Лукашэнкі ў мэдыйнай прасторы – дыктатар не чакаў такога маштабу супраціву з боку незалежнага грамадзтва.

Свае вэрсіі прапанавалі замежныя выданьні. Журналіст брытанскай «Times» Джэрэмі Пэйдж, спасылаючыся на заходняга дыплямата, піша, што Лукашэнка пакутуе ад прыступу дэпрэсіі, выкліканага стрэсам ад выбараў і рэакцыі на іх незалежнага грамадзтва. Другой прычынай кепскага стану прэзыдэнта дыплямат бачыць няпростыя стасункі з расейскім «Газпрамам», які адразу па выбарах абвесьціў пра новыя кошты на газ з наступнага году, у пяць разоў вышэйшыя за сёньняшнія. Гэтай жа вэрсіі прытрымліваецца і «New York Times». Пра стрэс прэзыдэнта піша таксама брытанская «Guardian»: «Перанос інаўгурацыі прымушае задумацца пра стан здароўя беларускага прэзыдэнта». Расейскія «Новые Известия» пішуць пра магчымасьць змовы ў бліжэйшым атачэньні Лукашэнкі, а таксама пра напружаныя перамовы з Масквой наконт коштаў на энэрганосьбіты. «НИ» таксама пракамэнтавалі афіцыйную заяву пра працу прэзыдэнта з дакумэнтамі: «У свой час, калі замежныя СМІ паведамлялі пра складаную апэрацыю ў тагачаснага прэзыдэнта Расеі Барыса Ельцына, афіцыйныя мэдыі сьцьярджалі, што ён працуе з паперамі». А чэская «Mlada Fronta Dnes» паведамляе, што Лукашэнка катаецца на лыжах. Дзяржаўная прэса ад камэнтароў на гэтую тэму ўстрымліваецца.

Рэакцыяй афіцыйных ўладаў сталі заявы старшыні парляманту Ўладзімера Канаплёва пра «упэўненую і безумоўную перамогу» Лукашэнкі на выбарах і кіраўніка Адміністрацыі прэзыдэнта Генадзя Нявыгласа пра выдатны фізычны стан Лукашэнкі: «У суботу мы гулялі з прэзыдэнтам у хакей і ён перамог нас з разгромным лікам».

Простыя грамадзяне таксама не засталіся ў баку ад падзеі. Найбольш актыўнымі ў распаўсюдзе здагадак і плётак пра магчымыя прычыны зьнікненьня прэзыдэнта апынуліся карыстальнікі інтэрнэту. Пра што гавораць і назвы форумаў – «Лукашэнка памірае, Шэйман уцякае», «Прэзыдэнт зьнік, або ДЗЕ?» (колькасьць наведнікаў – каля 70000).

Сярод іншых меркаваньняў прагучала вэрсія пра захоп улады Віктарам Лукашэнкам, які кіруе сілавымі структурамі Беларусі.

Жартаўнікі прапануюць на чарговай акцыі «Ланцуг неабыякавых людзей» павялічыць колькасьць партрэтаў зьніклых палітыкаў за кошт зьнятага з кабінэтнай сьцяны яшчэ аднаго партрэту. Ці вось такая тэма для чарговага флэш-мобу – грамадзяне на вуліцах гораду з плякатамі «Шукаю Бацьку». Актыўна абмяркоўваецца і тэма магчымай сьмерці прэзыдэнта. Так, у Горадні невядовы наладзіў рассылку SMS з адпаведным паведамленьнем.

Падчас леташняй татальнай зачысткі інфармацыйнай прасторы, калі больш дзясятка незалежных выданьняў былі пазбаўленыя магчымасьці легальнага распаўсюду, незалежныя аналітыкі папярэджвалі пра непрадказальнасьць наступстваў такога кроку. Шмат хто казаў, што адсутнасьць староньняга погляду можа згуляць з уладай кепскі жарт. Бо такі інфармацыйны вакуум робіць немагчымай адэкватную ацэнку той ці іншай сытуацыі. Што мы і назіраем сёньня.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?