Крымінальная справа па артыкуле 360 (дыверсія) Крымінальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь расследуецца па факце выяўлення 27 лістапада на чыгуначных пуцях у 200 метрах ад станцыі Негарэлае (Мінскі раён, напрамак Мінск — Баранавічы) выбуховага прыстасавання.

Як паведамілі БелаПАН ва ўпраўленні ўнутраных спраў на транспарце МУС, падазроны скрутак у 12.15 знайшоў абходчык. Рух цягнікоў на гэтым участку Беларускай чыгункі быў закрыты да 15.00. Група размініравання вывезла невядомы прадмет, які затым быў адпраўлены на экспертызу. У гэты час па дадзеным факце ў мінскім аддзеле ўнутраных спраў на транспарце была распачата крымінальная справа па арт. 340 (падманнае паведамленне аб небяспецы) КК.

Вынікі экспертызы сталі вядомыя 28 лістапада. Высветлілася, што ў скрутку былі рэальныя выбухованебяспечныя прадметы. Паводле звестак БелаПАН, гэта — ручная граната і чатыры шашкі з вытворнай тратылу. Пры гэтым у органах унутраных спраў заяўляюць, што спрацаваць гэтае прыстасаванне не магло, паколькі не было механізму падрыву.

Паводле інфармацыі агенцтва, пасля атрымання вынікаў экспертызы справа была перакваліфікаваная. У дзеяннях невядомых устаноўлены састаў злачынства, прадугледжанага арт. 360 (дыверсія) КК. Для далейшага расследавання матэрыялы перададзены ў Камітэт дзяржаўнай бяспекі.

БелаПАН

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0