Рэактар для першага энергаблока Беларускай АЭС будзе пастаўлены на станцыю ў канцы 2015 года, паведамляе машынабудўнічы дывізіён дзяржаўнай карпарацыі «Росатам» ААТ «Атамэнергамаш».

«У межах кантракта кампанія вырабіць і паставіць на Беларускую АЭС абсталяванне для двух блокаў Беларускай АЭС. Прычым першы рэактар кампанія паставіць ужо ў канцы 2015 года», — цытуе прэс-служба кампаніі генеральнага дырэктара ААТ «АЭМ-тэхналогіі» Яўгена Пакерманава.

Цяпер у Валгадонскім філіяле ААТ «АЭМ-тэхналогіі», якое ўваходзіць у «Атамэнергамаш», ажыццёўлена зборка верхняга паўкорпуса рэактара для блока № 1, пасля чаго прадпрыемства пачне аўтаматычную зварку кальцавых швоў. На апошняй стадыі вырабу знаходзяцца ўнутрыкарпусныя прылады рэактара (шахта, выгарадка, блок абарончых труб).

Паводле слоў Пакерманава, летась на Беларускую АЭС была пастаўлена прылада лакалізацыі расплаву для блока № 1, а ў пачатку жніўня адгружана прылада лакалізацыі расплаву для блока № 2.

Асноўнымі пастаўшчыкамі загатовак для вырабу наменклатуры выступаюць ПАТ «Энергамашспецсталь» (Краматорск, Украіна, таксама ўваходзіць у «Атамэнергамаш») і ААТ «Іжорскія заводы» (Санкт-Пецярбург). 

Будаўніцтва атамнай электрастанцыі на Астравецкай пляцоўцы ў Гродзенскай вобласці пачалося ў 2011 годзе. Першы блок станцыі плануецца ўвесці ў эксплуатацыю ў 2018 годзе, другі — у 2020-м. Сумарная магутнасць двух энергаблокаў складзе каля 2,4 тыс. МВт.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?