Прэзідэнт Украіны Пётр Парашэнка анансаваў змену тактыкі правядзення АТА, каб яна стала больш эфектыўнай і дазволіла мінімізаваць шкоду ад дзеянняў тэрарыстаў.
Пра гэта ён распавёў на нарадзе з кіраўнікамі сілавых ведамстваў.
«Нам трэба сёння разгледзець новы змест ваеннай аперацыі ў новых абставінах», — растлумачыў Парашэнка.
«Нам трэба зрабіць перагрупоўку сіл, якая забяспечыць абарону нашай тэрыторыі і працяг наступальных дзеянняў арміі», — дадаў ён.
Парашэнка заявіў, што цяпер стаіць задача перарэзаць сістэму забеспячэння тэрарыстаў наймітамі, новым узбраеннем і боепрыпасамі.
Паводле яго слоў, тактыка зараз заключаецца ў тым, каб «рассячы тэрыторыі, якія кантралююцца тэрарыстамі, на зоны, шчыльна звузіць кола і не даць магчымасці для пастаўкі зброі і боепрыпасаў».
Парашэнка распавёў, што самыя вялікія кантраляваныя баявікамі гарады ўжо ўзятыя ў аблогу, але на іх насоўваецца экалагічная катастрофа.
Прэзідэнт паведаміў, што на шахтах Данбаса вада падымаецца на небяспечны ўзровень, а тэрарысты руйнуюць артылерыйскім агнём трансфарматарныя падстанцыі, падрываючы энергазабеспячэнне прадпрыемстваў пастаяннага цыклу.
«Паколькі тэрарысты ў гэтых гарадах — людзі часовыя, у іх няма нічога, што б іх звязвала з гэтымі гарадамі… Яны руйнуюць інфраструктуру, падрываюць падстанцыі, падрываюць масты, руйнуюць прадпрыемствы. Віна за гэта ляжыць выключна на баевіках і іх замежных заступніках», — адзначыў Парашэнка.
Кіраўнік дзяржавы прапанаваў абмеркаваць тактыку, якім чынам паменшыць шкоду і пазбегнуць рызыкі для людзей, разбурэння прамысловага патэнцыялу Данбаса, каб «потым мінімізаваць працы па аднаўленні нармальнага жыцця».
Парашэнка нагадаў, што ў нядзелю ў выніку прамога траплення гранаты быў знішчаны БМП з дэсантнікамі.
Прэзідэнт даручыў міністру абароны падрыхтаваць прадстаўленне на ўзнагароджанне герояў, якія цаной свайго жыцця абараняюць Данбас.
Парашэнка таксама адзначыў, што пацвярджаецца інфармацыя пра патрапленне на тэрыторыю Украіны 1200 навучаных баевікоў і цяжкай ваеннай тэхнікі «з боку ўсходняга суседа».
Частка гэтай тэхнікі была знішчана, па астатніх — прымаюцца меры па яе знішчэнню.





