У амерыканскім горадзе Фергюсан аднавіліся сутыкненні паміж паліцыяй і грамадзянамі, якія пратэстуюць супраць забойства 18-гадовага афраамерыканца Майкла Браўна.

Падлетка застрэлілі супрацоўнікі праваахоўных органаў дзесяць дзён таму ў Сэнт-Луісе.

У ноч на аўторак паліцыя была вымушаная выкарыстоўваць слёзацечны газ, каб разагнаць дэманстрантаў.

Людзі адмаўляліся вызваліць галоўную дарогу. У паліцыю пачалі кідаць пляшкі.

Сутыкненні адбыліся пасля таго, як у панядзелак губернатар Місуры Джэй Ніксан адмяніў каменданцкую гадзіну ў Фергюсане.

Губернатар абвясціў пра размяшчэнне ў горадзе падраздзяленняў Нацыянальнай гвардыі ЗША.

Прэзідэнт ЗША Барак Абама паабяцаў кантраляваць дзеянні вайскоўцаў, каб іх ўмяшанне не ўскладніла сітуацыю ў горадзе. Акрамя таго, кіраўнік дзяржавы накіраваў у Фергюсана генеральнага пракурора Эрыка Холдэра

Барак Абама заклікаў мясцовую грамаду паспрабаваць аб'яднацца «адзін з адным». Таксама прэзідэнт ЗША заявіў, што разумее «гнеў і раздражненне» людзей за забойства юнака.

Генеральны пракурор павінен прыбыць у горад у сераду, каб сустрэцца з прадстаўнікамі ФБР і пракурорамі, якія расследуюць забойства хлопца.

«Я прашу ў грамадскасці цярпення, пакуль мы праводзім гэта расследаванне», - заявіў Эрык Холдэр. Паводле яго слоў, расследаванне забойства павінна аднавіць давер паміж праваахоўнікамі і грамадскасцю.

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?