Прыхільнікам чарговага фільма «Прыстанак зла» прыйдзецца патрываць. Здымкі шостай часткі баевіка пра хадзячых мерцвякоў адкладаюцца з-за цяжарнасці Мілы Ёвавіч. 38-гадовая актрыса, якая іграе ў карціне галоўную ролю, прызналася, што яны з мужам чакаюць другое дзіця і з-за гэтага працу над фільмам прыйдзецца адкласці.

Радасную навіну аб хуткім папаўненні ў сямействе Міла Ёвавіч паведаміла сваім прыхільнікам на старонцы ў Facebook. Міла напісала, што ўжо амаль сабралася ў дарогу — у Кейптаўн, але яе літаральна на парозе спыніла навіна аб цяжарнасці. Абмеркаваўшы сітуацыю з мужам, яна вырашыла адкласці здымкі да нараджэння дзіцяці. «Цяжарнасць і забойства зомбі — не найлепшае спалучэнне. Думаю, адзінае, што я буду знішчаць ў найбліжэйшай будучыні, — гэта гіганцкая колькасць кексаў», — пажартавала у сацыяльнай сетцы жанчына.

У сувязі з «цікавым становішчам» акторка вырашыла працягнуць здымкі ў «Прыстанаку зла» праз год.

Міла Ёвавіч падзякавала здымачнай групе, якая ўжо знаходзіцца ў Кейптаўне (ПАР), і адзначыла, што з нецярпеннем чакае сумеснай працы будучым летам. Актрыса таксама не пакінула без увагі сваіх прыхільнікаў, якія цярпліва чакаюць выхаду новай часткі фільма, і выказала ім сваю ўдзячнасць.

Ёвавіч і Пол У. С. Андэрсан жанатыя з 2009 года. У сям'і Мілы і Пола ўжо ёсць адна дачка - Эвер Габо - 5 лістапада ёй споўніцца 7 гадоў. Муж Мілы быў сцэнарыстам усіх частак франшызы і рэжысёрам трох з іх.

Кінасерыял створаны па матывах хорараў Resident Evil японскай кампаніі Capcom. Па сюжэце навукоўцы з кампаніі Umbrella ператварылі галоўную гераіню Эліс (Міла Ёвавіч) у салдата з нечалавечымі здольнасцямі, але Эліс паўстала супраць сваіх стваральнікаў. Пятая частка франшызы «Прыстанак зла: адплата» выйшла ў 2012 годзе. Выхад шостага фільма на экраны першапачаткова планаваўся на 12 верасня 2014, але пасля не раз пераносіўся.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?