Былы старшыня Гродзенскага аблвыканкама, а таксама кандыдат у прэзідэнты ад апазіцыі на выбарах 2001 года Сямён Домаш больш не ўзначальвае «Гродзенскае вытворчае гарбарнае аб’яднанне». Яшчэ ў студзені яго на пасадзе гендырэктара змяніў Дзмітрый Саванец.

Мы патэлефанавалі Сямёну Домашу, каб даведацца, чым ён цяпер займаецца. «Ведаеце, у мяне цяпер такая праца, што мне не да размоваў», — па-беларуску адказаў ён ды паклаў слухаўку.

У прыёмнай гарбарнага завода нам сказалі: «А мы ніхто не ведаем, куды яго перавялі».

Сямён Домаш на выбарах 2001 года меў вялікую падтрымку з боку моладзі і беларускамоўных. Ён без праблем назбіраў патрэбныя 100 тысяч подпісаў, але быў вымушаны зняцца на карысць лідара прафсаюзаў Уладзіміра Ганчарыка, якога апазіцыя абрала адзіным.

Перад выбарамі Домаш схапіў дзіўны інфаркт, яму зрабілі шунтаванне. Доўгі час ён папраўляў здароўе. А ў чэрвені 2002 сышоў з грамадскай дзейнасці. Перад выбарамі 2006 года Домаша прызначылі кіраўніком Гродзенскага гарбарнага завода. Яму цяпер 64 гады.

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?