Ян Арлоўскі

Варшаўскі політэхнічны ўніверсітэт (Варшава, Польшча). Спецыяльнасць: «электраэнергетыка».

«Яшчэ месяц таму я планаваў працаваць у Мінску на новаўтвораным дзяржаўным прадпрыемстве. Аргументы «за» былі: добры заробак (амаль як у Польшчы), цудоўныя людзі (у мяне раптам з’явілася шмат сяброў у Мінску), прыгожы горад. І праект плануецца вельмі сучасны, удзел у ім — вялікі гонар.

Аргумент «супраць»: я не веру беларускай уладзе. Сёння я зарабляю 1500$ у рублёвым эквіваленце — і я «пан», а заўтра дэвальвацыя (як заўсёды «неспадзяваная») — і я жабрак. Па-другое, мяне хвалююць перспектывы. У Беларусі, мне здаецца, што, пачаўшы ад 1500$, можна зарабіць яшчэ +30%, але гэта ўжо столь. А ў Польшчы гэтай столі няма — грамадства так збудавана. І я магу зарабіць больш, калі буду працаваць і імкнуцца да гэтага. І галоўная рэч, якой я не вытрымаў — гэта атмасфера ў грамадстве і штодзённым побыце ў Беларусі. Людзі вельмі часта гавораць пра грошы.

Таму я вярнуўся ў Варшаву, знайшоў хутка працу. Спадабалася, што мяне прынялі за мае веды, а не за дыплом ці іншыя «паперкі». Спадабалася перспектыва заробкаў, больш спакойная атмасфера ў грамадстве, магчымасці развіцця. Непакоіць, канечне, пенсія, і адчуваю недахоп маіх беларускіх сяброў…

Таму, на мой погляд, выбіраючы паміж Беларуссю і Польшчай, прыходзіцца выбіраць паміж людзьмі і заробкам».

Яня Макарская

Еўрапейскі гуманітарны ўніверсітэт (Вільня, Літва). Спецыяльнасць: «медыя і камунікацыі: візуальная культура».

«Цяпер я працую праектным менеджарам у мінскай крэатыўнай кампаніі. Я вярнулася ў Беларусь, каб трохі папрацаваць, набрацца досведу, давучыць другую замежную мову, каб потым з упэўненасцю паступаць у нямецкую ВНУ ў магістратуру.

Хачу жыць у Германіі. Бо жыла ў гэтай краіне, бо там сябры, бо проста люблю гэтую краіну, і мне там камфортна. Ці змагу я там пражыць усё жыццё — пакуль сказаць не магу».

Рыма Цясоўская

ЕГУ (Вільня, Літва). Спецыяльнасць: «культурная спадчына і турызм».

«Я скажу так: універсітэт мой называўся «Еўрапейскім», а любові прышчапіў да роднай краіны больш, чым мясцовы прышчапляе сваім студэнтам. Я паглядзела на сваю краіну з іншага ракурсу.

Зараз працую па спецыяльнасці ў беларускай турфірме. І планую заўсёды жыць тут, у Беларусі. А на будучыню ў мяне мара — адкрыць сваю турфірму і рабіць нестандартныя і тэматычныя туры (каб нашы людзі больш даведваліся аб святах іншых народаў)».

Марына Пятрова

ЕГУ (Вільня, Літва). Спецыяльнасць: «культурная спадчына і турызм».

Я правучылася 2 гады ў БДУ на спецыяльнасці «міжнароднае права». Зразумела, што зусім не маё. І паступіла зноў на спецыяльнасць «культурная спадчына і турызм» у ЕГУ. У мяне тады ўжо была праца, сям’я. Таму пытанне пра ад’езд за мяжу не ставілася. Дый не было якіх-небудзь прапаноў для працы за мяжой, а ў Мінску я працавала ў кампаніі з выдатным калектывам.

Я хацела б пажыць у Еўропе. У Англіі ці Францыі, напрыклад, бо і ведаю мовы, і ёсць знаёмыя ў гэтых краінах. Але канкрэтнай мэты пераехаць за мяжу ў мяне няма. Усё будзе залежаць ад далейшай эканамічнай і палітычнай сітуацыі ў Беларусі».

Яня Саленік

ЕГУ (Вільня, Літва). Спецыяльнасць: «культурная спадчына і турызм».

«Я планую знайсці працу ў Беларусі, а праз год-паўтара — з’ехаць. Можа, у Еўропу, можа, у Амерыку. Прычына гэтаму — рэжым. Не вельмі хочацца аддаваць амаль увесь заробак на харчаванне.

Я — рэаліст. У Еўропе хапае і сваіх праблем з узроўнем беспрацоўя і г.д. І з раскрытымі абдымкамі нас там не чакаюць. Таму я не паехала спрабаваць сябе за мяжой адразу. Усе ж чалавеку патрэбен працоўны досвед.

Калі зменіцца ўлада і калі мая кампетэнтнасць будзе на патрэбным узроўні, я, можа, і вярнуся, каб дапамагчы краіне развіцца».

Віялета Герасенка

ЕГУ (Вільня, Літва). Спецыяльнасць: «тэорыя і практыка сучаснага мастацтва».

«Мой дыплом дае магчымасць працаваць у культурных арганізацыях, музеях, фондах, прыватных галерэях, аўкцыённых дамах і ў мас-медыя. Але цяпер я — прадавец у краме тавараў для творчасці ў Мінску.

Па маёй спецыяльнасці ў Мінску не знайшлося здавальняючых варыянтаў. А ў Еўропе працу я не шукала — яшчэ паспею».

Павел Шапецька

Універсітэт Казіміра Вялікага, Быдгашч, Польшча. Спецыяльнасць: «мехатроніка».

«Я планую вярнуцца ў Беларусь,толькі не цяпер, а праз пару гадоў, бо спадзяюся атрымаць пасведчанне на права жыхарства ў Польшчы, каб больш не думаць пра візы. Увогуле, я мару пра мабільнасць, каб ездзіць як мага больш па свеце, але ж асноўнае сваё жыццё я ўяўляю ў Беларусі. Усё ж такі ў Мінску я правёў большую частку свайго жыцця».

Аркадзь

Універсітэт імя Лазарскага (Варшава, Польшча). Спецыяльнасць: «турызм і менеджмент».

«Шчыра кажучы, у Польшчы не нашмат лепш, чым у нас. Калі ўжо жыць ці працаваць за мяжой, дык трэба імкнуцца ехаць на захад, у Германію, Францыю, можа, Вялікабрытанію. Прычым, загадзя вывучыўшы патрэбныя мовы. Гэта маё меркаванне, да таго ж, польскі дыплом цэніцца ў краінах ЕС.

А сам я з-за сямейнага бізнэсу застануся ў Беларусі, працягваць бацькоўскую справу. Ды і мне здаецца, што дзе б колькі ні плацілі і што б ні прапаноўвалі, усё роўна заўсёды будзе цягнуць на бацькаўшчыну».

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?