Нацыянальны конкурс кіно ўпершыню пройдзе ў 2014 годзе ў межах чарговага Мінскага міжнароднага кінафестывалю (ММКФ) «Лістапад», паведамілі ў прэс-цэнтры фестывалю. 

XXI Мінскі міжнародны кінафестываль «Лістапад» адбудзецца 7—14 лістапада. Арганізатарам кінафоруму выступае Цэнтр візуальных і выканальніцкіх мастацтваў «АРТ Карпарэйшн», заснавальнікамі — Міністэрства культуры, Мінгарвыканкам пры садзейнічанні Белтэлерадыёкампаніі, Нацыянальнай кінастудыі «Беларусьфільм» і Беларускага саюза кінематаграфістаў. 

Арганізатары кінафестывалю падкрэсліваюць, што Нацыянальны конкурс кіно закліканы «звярнуць увагу на творчыя здольнасці беларускіх аўтараў», сярод якіх «шмат адораных людзей». Яны прыводзяць у прыклад такія стужкі, як «Здымаць на паражэнне» Кірыла Нонга, «Што ёй падабаецца» Івана Маслюкова, «Неба ўсюды аднолькавае» Андрэя Мычко, «Салетра № 7» Сяргея Савянкова і Паўла Касцевіча, «Адзінота» Дзмітрыя Дзядка, «Машы, Сашы» Любові Журомской і работы многіх іншых рэжысёраў, якія «пацвярджаюць важнасць пошуку і падтрымкі беларускіх энтузіястаў». 

«Дырэкцыя фестывалю мае намер збіраць працы суайчыннікаў незалежна ад краіны іх пражывання. Важна прадэманстраваць рэальныя таленты беларусаў, здольных ствараць арыгінальныя ідэі ў кіно ўласнымі сіламі», — гаворыцца ў паведамленні прэс-цэнтра «Лістапада». 

Як адзначаецца, да ўдзелу ў Нацыянальным конкурсе кіно прымаюцца як поўнаметражныя, так і кароткаметражныя кінастужкі дакументальнага, ігравога і анімацыйнага характару, якія будуць падзелены на адпаведныя намінацыі. Галоўная ўмова прыёму працы да ўдзелу ў конкурсе — фільм павінен быць створаны на працягу апошніх двух гадоў выключна беларускімі аўтарамі ў самой Беларусі ці за яе межамі. 

Для ўдзелу ў конкурсе беларускім аўтарам неабходна накіраваць на адрас дырэкцыі кінафестывалю запоўнены фільмаграфічны ліст на кожны прадстаўлены фільм (спасылка на форму запаўнення апублікавана на сайце listapad.com); поўны тэкст фільма ў арыгінале і на рускай, англійскай ці французскай мовах; дыск з запісам фільма; рэкламны ролік і кадры з фільма; сінопсіс, рэкламныя матэрыялы, прэс-матэрыялы; матэрыялы для каталога, у тым ліку звесткі пра стваральнікаў фільма, фатаграфіі (уключаючы фота рэжысёра), слайды фільмаў. 

Заяўкі на ўдзел прымаюцца да 22 верасня.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?