Інтэрнэт-супольнасць Беларусі мае намер папрасіць Аляксандра Лукашэнку абвясціць 2015 год Годам прынцыповасці. На інтэрнэт-пляцоўцы change.org пачаўся збор подпісаў пад адпаведнай петыцыяй. 

У якасці абгрунтавання гэтай просьбы аўтары петыцыі адзначаюць, што цяпер Беларусь апынулася «ў няпростай геапалітычнай, дэмаграфічнай, сацыяльна-эканамічнай і кліматычнай сітуацыі», таму яны лічаць, што «толькі прынцыповае выкананне фундаментальных прынцыпаў, якія ляжаць у аснове беларускай дзяржаўнасці, дазволіць прадоўжыць інавацыйна-паступальны характар развіцця» беларускай дзяржавы. 

Перад ініцыятарамі стварэння петыцыі стаяў выбар: прасіць прэзідэнта абвясціць будучы год Годам прынцыповасці ці Годам крэветкі, адзначыў у каментары БелаПАН беларускі блогер Яўген Ліпковіч, які выступіў адным з аўтараў петыцыі. Ідэя пра Год крэветкі з`явілася ў прадстаўнікоў інтрэнэт-супольнасці ў сувязі з тым, што ў Беларусі з`явілася магчымасць рээкспартаваць нетыповыя для яе прадукты пад выглядам айчынных у Расію, якая забараніла ўвоз шэрагу харчовых тавараў з ЗША, Еўрасаюза і іншых краін. 

«Урэшце, мы прыйшлі да высновы, што прасіць трэба пра Год прынцыповасці, — сказаў Ліпковіч. — Мы лічым, што ніхто ў нашай краіне не павінен паступацца сваімі прынцыпамі. Калі мы ўжо ўзяліся маліцца, тады ўжо так, каб разбіць лоб. Яна [беларуская прынцыповасць] заключаецца ў тым, што мы дакладна ведаем, куды рухаемся, ведаем канчатковую мэту нашага шляху». 

Ліпковіч лічыць, што петыцыя павінна быць «адназначна падтрымана». У той жа час яму цікавая рэакцыя чыноўнікаў, якія «атрымаюць рэальную петыцыю пасля віртуальнага этапу збору подпісаў». 

«Хай яны толькі паспрабуюць пасмяяцца з нас. У нас народаўладдзе ці не? Калі народаўладдзе, то хай толькі паспрабуюць што-небудзь такое сказаць, будзем судзіцца», — падсумаваў блогер.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0