На пятнаццаць хвілін спазніўся да трансляцыі матча плэй-оф Лігі чэмпіёнаў паміж «Слованам» і БАТЭ. Выглядае, што на гэты адрэзак часу і прыйшлася самая вялікая актыўнасць славацкага клуба ў першым тайме. Некалькі разоў бліскуча выратоўваў Сяргей Чэрнік, да якога былі прэтэнзіі ў папярэднія раўнды еўракубка.

 

Праз спазненне не стаў вывучаць склады, а адразу кінуўся глядзець сустрэчу.

Вялікім маім здзіўленнем было, што каментатар раз-пораз называў прозвішча Яблонскі. Падумалася: нішто сабе, Ермаковіч на такі адказны матч выпусціў дублёра БАТЭ, які нават у чэмпіянаце рэдка выходзіць. Рэспект! Гэтак бы ўсю стартавую палову гульні я б прабываў у няведанне, калі б Яблонскі-славак (гэта я паводле прыналежнасці да «Слована» так яго назваў, а насамрэч ён чэх) на 45-ай хвіліне не зрэзаў мяч ва ўласныя вароты.

Вось вам і славянскае братэрства. І мяч у свае вароты, і прозвішчы аднолькавыя.

Асістэнтам у Томаша Яблонскага выступіў Сяргей Крывец. У сярэдзіне першага тайма ён меў выдатную магчымасць запісаць сваё прозвішча як аўтара гола ў пратаколе гульні. Аднак з вельмі небяспечнага штрафнога трапіў у перакладзіну.

У другім тайме здавалася, што БАТЭ абсалютна кантралюе гульню. Праўда, не надта шмат ствараючы наперадзе. Толькі аднойчы Віталь Радзівонаў выйшаў на ўдарную пазіцыю, але сілы на ўдар не хапіла.

Славакі адыграліся, калі рэзервіст Роберт Вітэк атрымаў мяч у штрафной пляцоўцы і неяк налоўчыўся ўдарыць між двума абаронцамі БАТЭ – Чэрнік не выратаваў. Потым гэтая самая лысая галава Вітэка накіравала мяч у вароты яшчэ раз, але партугальскі арбітр зафіксаваў афсайд. Сэрца ёкнула.

Матч скончыўся з лікам – 1:1. Не хочацца аб кепскім, але гэта ўжо дзявятая сустрэча беларускіх і славацкіх каманд у еўракубках (пятае супрацьстаянне). Беларусы не перамагалі пакуль ніводнага разу. Не толькі па суме двух матчаў, але нават у адным асобным. І нічыя гэтая толькі трэцяя. Спадзяемся, праз тыдзень у Барысаве БАТЭ атрымаецца крыху палепшыць гэтыя статыстычныя паказчыкі.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?