Мая сёлетняя пабыўка на Падляшшы мела два шчымлівыя моманты. Напішу пра адзін зь іх цяпер, пра другі – магчыма, іншым разам.

У нядзелю 17 жніўня мы з жонкай паехалі зь Бельска ў Рыбалы на богаслужэньне ў мясцовай царкве Cьвятых Кузьмы і Дзямяна.

Царква ў Рыболах. Ілюстрацыйнае фота з Вікіпедыі.

Царква ў Рыболах. Ілюстрацыйнае фота з Вікіпедыі.

Настаяцелем цырквы ў Рыбалах зьяўляецца бацюшка Рыгор Сасна, наш падляскі культуртрэгер і аўтар шматлікіх кніжак аб гісторыі праваслаўя на Падляшшы. Ад трох тыдняў бацюшку Сасну, якому сёньня ўжо пад 75 гадоў, дапамагае ў богаслужэньнях Кастусь Бандарук, мой былы калега з Радыё Свабода ў Празе. Кастусь, які эміграваў з Польшчы ў ЗША ў другой палове 1980-х без фармальнага дазволу тагачаснага япіскапа Беластоцка-Гданьскага Савы, ажно да апошняга часу ня меў права служыць у храмах Польскай аўтакефальнай праваслаўнай царвы – япіскап Сава, які тым часам стаў мітрапалітам ПАПЦ, за тое непаслушэнства наклаў такую забарону на Кастуся. Але апошнім часам мітрапаліт Сава ўмілажаліўся і прабачыў Кастусю ягоны грэх непаслушэнства. Дэкрэтам мітрапаліта Савы Кастусь быў назначаны сьвятаром-»рэзыдэнтам» пры царкве сьв.сьв. Кузьмы і Дзямяна ў Рыбалах. Кастусь мае права адпраўляць літургіі і ўсе іншыя службы ў рыбалаўскай царкве на прынцыпах, гаворачы па-журналісцку, фрылансэра. Інакш кажучы, ён і штацкі чалавек – Кастусь захоўвае сваю журналісцкую пасаду ў Радыё Рацыя – і садлат Хрыстовы ў войску мітрапаліта Савы. Прытым, бацюшка Бандарук за сваё служэньне ў Рыбалах прынцыпова не бярэ ні граша.

Пачуўшы ад матушкі Тамары Бандарук, што мітрапаліт Сава нарэшце «адпрашчаў» Кастуся, мы з жонкай былі прасьлязіліся – сябруем мы з Бандарукамі ўжо амаль 20 гадоў, і добра ведаем, як моцна Кастусь перажываў забарону на служэньне ў храме. Таму што для Кастуся сьвятарства – гэта не прафэсія, а сапраўды пакліканьне.

Царква ў Рыболах. Ілюстрацыйнае фота orthphoto.net.

Эвангельле (ад Матвея, фрагмэнт пра аздараўленьне эпілептыка і веру памерам з гарчычнае зярнятка) прачытаў бацюшка Сасна, а казань гаварыў бацюшка Бандарук. У Кастуся выдатна пастаўлены голас і натуральная беларуская мова, таму рыбалаўскі народ слухаў ягоную казань як казку. Кастусь, як і належыць, спачатку пракамэнтаваў эвангельскую гісторыю, а потым распавёў эпізод са свайго сьвятарства 35 гадоў таму, калі ў беластоцкім шпіталі ён маліўся за пацыентку ў коме… І закончыў заклікам не лайдачыцца, а хадзіць у царкву і маліцца («хаця б столькі часу, калі вы пляткарыце на лавачцы») і «ня менш разоў, чым вы ходзіце ў іншыя месцы» – пры поўным і адчувальным энтузіязьме вернікаў..

Не пасьпеў я абдумаць як сьлед сваё лайдацтва на лавачцы і хаджэньне ў іншыя чым храм месцы, як літургія падыйшла да канца, бацюшка Бандарук прычасьціў усіх жадаючых, а потым пасьвяціў яблыкі і грушы з рыбалаўскіх садоў.

Праз два дні мелася быць вялікае на Падляшшы сьвята Спаса (найбольш урачыстае – на сьвятой гары Грабарка), у рыбалаўскай царкве богаслужэньня ў той дзень не прадбачвалася, таму людзі прынесьлі яблыкі на нядзельную літургію.

Узгадалася чамусьці ў гэтай рыбалаўскай царкве калісьці даўно прачытанае, магчыма, у Дастаеўскага – дакладна ўжо ня ўспомню, але нешта накшталт:

Гэта была старая драўляная царква, іконы ў ёй былі пачарнелыя ад даўніны, і хор у ёй сьпяваў ня ў лад. Але якраз у такім храме найлепш маліцца…

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочешь поделиться важной информацией анонимно и конфиденциально?