У ГУМе ля фантану

Трохі дзіўна апынуцца ў Маскве ў ролі замежнага турыста. Асабліва калі ты быў там апошнім разам гадоў дзесяць таму ў камандзіроўцы, цягам некалькіх гадзінаў. Гэтым разам выпала так, што заставаўся час і на тое, каб трохі прайсьціся вуліцамі расейскай сталіцы. Але так толькі падавалася. Насамрэч, Масква ў міжсэзон, з дажджом, які пераходзіць у сьнег, і сьнегам, які пераходзіць у дождж, зь нейкай бруднай мешанінай пад нагамі нават у адносна чыстым цэнтры — не найлепшае месца для шпацыру. А яшчэ ж да цэнтру трэба дабрацца.

Аўтамабільныя заторы на дарогах — гэта першае, з чым сутыкаесься, калі прыбываеш у Маскву. І яны цябе не адпускаюць са сваіх абдымкаў. Фактычна ўвесь гэты мэгаполіс амаль у любы час сутак ёсьць адным вялікім заторам. Плянаваць больш як адну сустрэчу ці мерапрыемства ў дзень тут няма сэнсу, асабліва, калі мерапрыемствы ў розных канцах гораду. Тут ніхто ня будзе прасіць прабачэньня за тое, што спазьніўся на гадзіну ці на дзьве — проста скажуць: «заторы». Куды б ты ні ехаў на машыне, ніколі ня ведаеш, колькі часу зойме дарога.

Куды больш надзейна ехаць у мэтро. Вось тут і адчуеш сябе сапраўдным замежнікам. Турыстычнай інфармацыі, як правіла, нуль. Колькі каштуе праезд на мэтро (цяпер тут не жэтоны, а спэцыяльныя электронныя карткі) можна высьветліць толькі эмпірычным шляхам, калі атрымаеш у касе рэшту з купюры ў сто рублёў.

Але маскоўскія мінакі дарогу паказваюць даволі ахвотна.

Вось і Крэмль. На Краснай плошчы прыемна ўражваюць адносная цішыня і спакой. Ніякіх машынаў. Ніякіх натоўпаў. Амаль няма міліцыянтаў. Адзін толькі стаіць каля службовага ўваходу ў Спаскую браму. Ясна, што Красная полошча прастрэльвецца, што называецца, навылёт усялякімі відэкамэрамі ды іншай апаратурай сачэньня. Але прадстаўнікі спэцслужбаў тут калі і ёсьць, дык не вытыркаюцца перад табой на кожным кроку. І гэта ўжо прыемна і крыху нязвыкла. Мінін і Пажарскі загорнутыя ў цэляфан, як загортваюць мэблю перад рамонтам кватэры.

Сама плошча выглядае неяк сьціпла і нават падаецца маленькай. Эфэкт, відаць, выкліканы тым, што частка яе адгароджаная пад навагодні кірмаш, дзе з драўляных канструкцыяў узводзіцца нейкі гарадок, накшталт Крамлю.

Даводзіцца доўга аглядацца навокал, пакуль не зразумееш, чаго яшчэ бракуе ў звыклым краявідзе — гатэлю «Расея». На яго месцы пакуль будаўнічая пустэча.

Добрая схованка ад непагадзі й слаты — ГУМ. Тут таксама няма колішніх натоўпаў ашалелых савецкіх людзей, якія прыяжджалі сюды на пару гадзінаў па «дэфіцыт». Тут цяпер чыста й сьветла. Зьзяюць раскошай і сучасным дызайнам дарагія фірмовыя крамы. Шрыфтам 1940‑х гадоў мінулага стагодзьдзя надпіс: «Камбінат добрага харчаваньня». Стылістыка, так бы мовіць, футурыстычнай мінуўшчыны, калі да камунізму было рукой падаць. І ў цэнтры — той самы фантан.

У цэлым цяперашні ГУМ нагадвае тыповы мол, якія раней можна было бачыць толькі на Захадзе.

Варшаўская шаша

Але вернемся да сёньняшніх маскоўскіх дарог. Знаёмыя масквічы супакойвалі — нічога, у выходныя будзе лягчэй. У суботу ўвечары на Варшаўскай шашы, на выезьдзе з гораду ледзь рухаемся ў заторы…

Дарэчы, наконт асаблівасьцяў маскоўскай тапанімікі. Для мяне, як і для многіх, застаецца загадкай, чаму называецца Варшаўскай шаша, па якой ніякім чынам ня выедзеш у бок Польшчы. Гэтаксама, як былая Сімферопальская шаша зусім не вядзе ў бок Крыму. А чаму адна з найбольш буйных — Кашырская шаша — мае назву невялікага мястэчка? (Асаблівасьці менскай тапанімікі тут кранаць ня будзем.)

Куды ж усе ехалі з Масквы ў вечаровы час, у слату і туман — за горад? На лецішчы? Не, аказваецца, у мэгастор (раней казалі «гіпэрмаркет») на закупы.

Высьветлілася, што ў Маскве ёсьць нават начныя заторы. У раёне Цьвярской а 2‑й гадзіне немагчыма праехаць праз агромністую колькасьць аўтаўладальнікаў, якія едуць у начныя клюбы.

Часам ствараецца ўражаньне, што Масква — гэта адзін суцэльны затор. Свайго роду сьмяротны тромб у сыстэме кровазвароту мэгаполісу, які можа некалі яго спаралюшаваць аднойчы і назаўсёды.

У аўтамашынах у заторах ідзе сваё, нябачнае сьвету жыцьцё. Нехта чытае, нехта слухае музыку, нехта размаўляе, вырашае бізнэс‑справы праз тэлефон альбо ўладкоўвае сямейныя праблемы. Мінакам звонку горш. Ня толькі таму, што ў салёне цяплей. Паспрабуйце перайсьці — ды не, якое там перайсьці! — перабегчы вуліцу ў гадзіну пік у раёне Беларускага вакзалу. Нават калі рабіць гэта на рэгуляваным сьвятлафорам скрыжаваньні, рызыка для жыцьця застаецца высокай. Ніхто зь кіроўцаў і не падумае саступіць мінаку.

А праблема ўскладняецца яшчэ тым, што ў горадзе літаральна на кожным кроку сутыкаесься з будаўніцтвам. Прычым забудоўнік імкнецца заняць сваёй будоўляй як мага большую прастору. У выніку, праз шматлікія загародкі мінакам даводзіцца почасту выходзіць з ходніка на дарогу, саступаць якую ніхто з аўтамабілістаў не зьбіраецца.

Будоўляў, вядома, шмат у любым эўрапейскім горадзе. Але, па‑першае, там будаўнікі імкнуцца прыносіць як мага меней клопату гарадзкім жыхарам. Тут на гэта ніхто не зьвяртае ўвагі — у тым ліку, на пастанову маскоўскага ўраду аб датрыманьні цішыні ў начны час. Кропкавая будоўля ў маскоўскіх дварох практычна ніколі не спыняецца. І што цікава — вельмі мала аб’ектаў, будаўніцтва якіх набліжаецца да завяршэньня. У пераважнай большасьці выпадкаў толькі‑толькі закладзены нулявы цыкль.

Часта пачынаюць будаваць адно, а ў выніку выходзіць зусім іншае. Напрыклад, у культурным цэнтры «Маскавіт», які заснаваў Іосіф Кабзон, цяпер — казіно.

На нядаўна пабудаваным Цэнтры беларускай культуры, які нагадвае чымсьці Цэнтар Пампіду ў Парыжы, пакуль ніякіх шыльдаў. І ніякіх прыкметаў жыцьця. Удзень ніхто не ўваходзіць і не выходзіць з будынку, увечары гарыць толькі дзяжурнае сьвятло.

Калі бачыш шматлікія катлаваны на кожным кроку, міжволі ўзьнікае пачуцьцё, што забудоўнікі проста пазначаюць такім чынам свае ўчасткі — як некалі золаташукальнікі. А можа, спадзяюцца на тое, што распачатую справу, у якую ўкладзена столькі грошай, цяжэй будзе спыніць уладам?

Бо якая яна будзе, тая новая ўлада, і чаго ад яе чакаць — ніхто ня ведае. Нягледзячы нават на «плян Пуціна».

«Свобода слова нам дана…»

Нават у цэнтры Масквы мала што нагадвае пра выбары ў Думу 2 сьнежня. Праўда, на некалькіх цэнтральных праспэктах і на Цьвярской вісяць расьцяжкі на гэтую тэму. Адна зь іх: «Масква галасуе за Пуціна». І амаль на кожным слупе плякат: «Сьпіс № 10». Гэта сьпіс «Адзінай Расеі», які ўзначальвае Пуцін. Рэклямы іншых выбарчых сьпісаў, хоць бы дзеля праформы, у цэнтры практычна няма. На ўскраінах давялося, праўда, бачыць рэклямныя плякаты партыі Жырыноўскага і «Справядлівай Расеі». Ля мэтро «Чартанаўскае» нейкі добраахвотнік раздаваў газэту «Патриоты России». Хвілінаў за пятнаццаць газэту ў яго ўзялі пару маладзёнаў (на добрым падпітку), хлопец‑інвалід, пара пэнсіянэраў і бомж. Інтэлігентнага выгляду бацька сямейства, да якога быў зьвярнуўся актывіст, адмахнуўся са сьмехам: «Мы не патрыёты!»

Перад гэтым міліцэйская машына забрала маладую жанчыну — з выгляду з Карэі. Таксама, відаць, на прадмет высьвятленьня ступені патрыятызму.

Агітацыю за партыі давялося бачыць яшчэ толькі ў адным месцы — ва Ўсерасейскім выставачным цэнтры, што на тэрыторыі былой ВДНГ. Там працавала выстава прэсы. Такія буйныя газэты, як «Известия», «Комсомольская правда», «Коммерсант» чамусьці прадстаўленыя не былі. Былі такія розныя выданьні як «Московский комсомолец», «Московская правда», «Пионерская правда», «Новая газета», газэты з розных рэгіёнаў Сібіры, Паволжа, Чачэніі.

Ля стэнду камуністычнай газэты «Правда» ішла агітацыя за КПРФ. Вакол «Правды» тупалі некалькі пэнсіянэраў.

На стэндзе «Саюзнай дзяржавы Беларусі і Расеі» у самым цэнтры выставы можна было бачыць цэлыя стосы «Советской Белоруссии», «Рэспублікі», «Знамени юности», «Народной газеты», а таксама выданьня парлямэнцкага сходу «Союзное вече» (Вось, дарэчы, цікавая пара загалоўкаў зь першай паласы газэты: «Калі козы загавораць па‑чалавечаму?» і «Калі вернуцца расейцы дамоў?»). На тле чорна‑белага саюзнага выданьня «СБ» і «Рэспубліка» вылучаліся крэйдавай паперай і глянцавымі каляровымі здымкамі. Разьбіраць іх ніхто з наведнікаў не сьпяшаўся. Толькі нейкая жанчына сярэдняга веку зацікавілася «Звяздой». Пагартала, потым схавала і хутка пайшла. Відаць, забаялася — а раптам небясплатна?

У адрозьненьне ад Беларусі, незалежных выданьняў у Маскве — і на выставе, і ў кіёсках з надпісам «Прэса» — пакуль хапае. Толькі ніхто за імі ў чаргу не выстройваецца і адказаў для сябе там, відаць, не шукае. Падобна, што мала хто ў расейскай сталіцы, у тым ліку і сярод інтэлігенцыі, сумняваецца ў выніках выбараў 2 сьнежня. Як і ў выбары Расеі на бліжэйшую будучыню.

А ўсё‑такі ў паветры вісіць нейкае нэрвовае напружаньне. Ці яно ідзе ад вялікай колькасьці маскоўскай міліцыі на вуліцах, якая ў сувязі з выбарамі пераведзеная на ўзмоцнены рэжым. Ці ад змрочнага восеньскага надвор’я. Позна ўвосень ці на перадзімку ж у расейскай гісторыі нічога добрага звычайна не здаралася…

Калі едзеш на пару дзён у сталіцу іншай дзяржавы і амаль не заўважаеш зьменаў у навакольнай абстаноўцы (напрыклад, у маўленьні людзей) — гэта яшчэ нічога. Горш, калі вяртаесься на радзіму і адчуваеш сябе так, быццам нікуды і не ад’яжджаў.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?